viasna on patreon

Швейцарскія праваабаронцы - у падтрымку грамадзянскай супольнасці Беларусі

2014 2014-05-13T14:20:30+0300 2014-05-13T14:26:16+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/wc-amnesty_int_campaign.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Швейцарскае аддзяленне Amnesty International праводзіць кампанію, прымеркаваную да Чэмпіянату свету па хакеі ў Мінску, падчас якой заклікае беларускія ўлады «да сумленнай гульні ў галіне правоў чалавека».

Праваабаронцы Amnesty International, сустракаючыся з рознымі групамі насельніцтва, распавядаюць пра грубыя парушэнні правоў чалавека ў краіне, дзе праходзіць спартыўная падзея сусветнага маштабу, і збіраюць подпісы пад петыцыяй з заклікам да неадкладнага і безумоўнага вызвалення вязняў сумлення ў Беларусі - Мікалая Статкевіча, Эдуарда Лобава і Алеся Бяляцкага, да адмены смяротнага пакарання і ўсіх рэпрэсіўных законаў.

«Кампанія, якую мы цяпер праводзім, з'яўляецца працягам леташняй кампаніі па адмене смяротнага пакарання Беларусі і працягам працы па падтрымцы вязняў сумлення, - кажа Ірыс Бішафф, краінавы каардынатар цэнтральнага офіса Amnesty International ў Швейцарыі. - Amnesty International неаднаразова выкарыстоўвала маштабныя спартыўныя мерапрыемствы, каб прыцягнуць увагу СМІ і грамадскасці да сітуацыі ў краіне іх правядзення, у прыватнасці, да сітуацыі з правамі чалавека. Так было і пры правядзенні Алімпійскіх гульняў 2014 у Сочы, і падчас Алімпіяды ў Пекіне... Акрамя таго, інфармаваць пра парушэнні правоў чалавека ў Беларусі для нас вельмі важна, Беларусь - адзін з асноўных напрамкаў працы швейцарскага аддзялення Amnesty International».

Звяртаючыся да сваіх грамадзянаў, швейцарскія праваабаронцы падкрэсліваюць, што ў Беларусі праваабаронцы і актывісты апазіцыі пераследуюцца і асуджаныя да доўгіх тэрмінаў турэмнага зняволення, што рэпрэсіўныя законы абмяжоўваюць свабоду выказвання меркаванняў і свабоду аб'яднанняў, што пад пастаянным запалохваннем і пераследам знаходзяцца актывісты няўрадавых арганізацый.

«Для нас гэта вельмі важна яшчэ і таму, што ў Швейцарыі цяпер існуе рух, які выступае супраць Еўрапейскай Канвенцыі па правах чалавека. І мы прыводзім Беларусь як прыклад еўрапейскай краіны, якая не падпісала гэтую Канвенцыю, каб паказаць, якія грубыя парушэнні правоў чалавека там адбываюцца», - адзначае Ірыс Бішаф.

Нагадаем, што Беларусь - адзіная еўрапейская краіна, якая не ўваходзіць у Савет Еўропы і не падпісала Еўрапейскую Канвенцыю аб абароне правоў чалавека і асноўных свабодаў, сярод ахоўных правоў якой - права на жыццё, права на справядлівае судовае разбіральніцтва, права на свабоду выказвання меркавання, свабоду сходаў і іншыя.

Буклет Amnesty International пра беларускіх вязняў сумлення
Буклет Amnesty International пра беларускіх вязняў сумлення

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства