Ігар Пастноў гатовы бараніць правы пацярпелых ад "карнай псіхіятрыі"
У сваім чарговым відэазвароце віцебскі "урач-праўдаруб" распавёў пра сваё змаганне за правы Алесі Садоўскай з Маладзечна, збітай у паліцэйскім пастарунку, а пасля прызнанай псіхіятрамі асобай, якая не можа адказваць за свае дзеянні.
Як распавёў Ігар Пастноў, два гады таму Алеся Садоўская была збітая ў аддзяленні міліцыі Маладэчанскага РАУС пасля таго, як звярнулася да міліцыянтаў наконт скрадзенага тэлефону. Прычым яе не толькі збілі, але яшчэ і катавалі. Дзяўчына спрабавала скардзіцца на супрацоўнікаў РАУС вышэйшаму міліцэйскаму начальству, але тады, паводле Ігара Пастнова, яе саму абвініавацілі ў нападзе на міліцыянтаў. А падчас псіхіятрычнага асведчання яна была прызнана душэўнахворай.
Высновы экспертызы ўдалося апратэставаць у судзе, суд прызначыў паўторную экспертызу. Ігар Пастноў адзначае, што гатовы дапамагаць праваабаронцам у змаганні за правы тых, хто церпіць ад міліцэйскага гвалту і карнай псіхіятрыі.
Ігару Пастнову таксама давялося адчуць уласнае бяспраўе ў спецыялізаванай медычнай установе. 16 жніўня мінулага году яго забралі ў псіхіятрычны шпіталь, 20 жніўня суд санкцыяваў для яго прымусовае псіхіятрычнае лячэнне, якое ён праходзіў на працягу месяца. Здарылася гэта пасля шэрагу крытычных відэавыступаў пра бяздзейнасць мясцовых уладаў і кепскі стан медыцыны ў Віцебскай вобласці.
На судзе не было ні самога Пастнова, ні ягонага адваката – шпіталізаванаму ў "псіхушку" "урачу-праўдарубу" нават не далі магчымасці забяспечыць сабе абарону, а пасля, у шпіталі, абмежавалі любога кшталту зносіны з наведнікамі.
29 жніўня праваабарончая арганізацыя «Міжнародная Амністыя» заявіла пра гатоўнасць прызнаць Пастнова вязнем сумлення. 2 верасня была прынята сумесная заява Беларускага Хельсінкскага Камітэта і ПЦ «Вясна» з нагоды прымусовай шпіталізацыі Ігара Пастнова. Беларускія праваабаронцы заклікалі кампетэнтныя органы "неадкладна вызваліць Ігара Пастнова з псіхіятрычнага стацыянара і перагледзець рашэнне аб яго прымусовай шпіталізацыі ў адкрытым працэсе з захаваннем устаноўленых працэдур і прынцыпаў справядлівага судовага разгляду".
Аднак да гэтай пары аспрэчыць рашэнне Віцебскага райсуду не ўдалося. Ігар Пастноў накіраваў скаргу ў Камітэт па правах чалавека ААН, ён лічыць, што падчас суду ў дачыненні да яго былі парушаны адразу некалькі артыкулаў Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах.