viasna on patreon

Гомель: былы рабочы хімзавода толькі праз тры гады і праз суд дамогся прызнання таго, што ён атрымаў цяжкую траўму на вытворчасці

2014 2014-05-16T23:31:34+0300 2014-05-16T23:31:34+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/trauma.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

16 траўня суд Навабеліцкага раёна Гомеля вынес рашэнне па зыску жыхара Гомеля Аляксандра Клімава да Гомельскай абласной туберкулёзнай бальніцы. Прычым суд поўнасцю задаволіў патрабаванні былога рабочага хімзавода і абавязаў туберкулёзную бальніцу выдаць новае заключэнне аб цяжкасці траўмы.

А гэта значыць, што ўрачы туберкулёзнай бальніцы, куды трапіў пасля траўмы рабочы, выставілі хвораму няпоўны дыягназ, на падставе якога траўма і была прызнана не цяжкай, а адміністрацыя хімзаводу, адпаведна, не прызнала траўму вытворчай. Аляксандр Клімаў стаў інвалідам, яго звольнілі з працы, і ніякіх выплат ці дапамогі, кампенсацыі маральнай шкоды ён не атрымаў.

На судзе 16 траўня выступаў судмедэксперт, які пацвердзіў дадзеныя раней выдадзенай экспертызы: Аляксандр Клімаў атрымаў на вытворчасці траўму, якая адносіцца да катэгорыі «менш цяжкіх», а менавіта «разрыў лоннага сачлянення», а не «пашкоджанне лоннага сачлянення», як напісалі ўрачы, што дазволіла прызнаць траўму «няцяжкай».

Гэта гісторыя, калі рабочы хімзавода быў траўмаваны на працоўным месцы ў працоўны час, пасля чаго застаўся інвалідам, і яго пазбавілі працы, цягнецца ўжо тры гады.

Жыхар Гомеля 32 гады адпрацаваў на хімзаводзе. Вясной 2011 года Аляксандр Клімаў, які працаваў на той час апаратчыкам абпалу на заводзе, у працоўны час зайшоў на эстакаду разгрузкі вадкай серы, страціў прытомнасць і ўпаў. Па словах былога рабочага, ён адчуў пах серы і страціў прытомнасць. У туберкулёзнай бальніцы, куды яго прывезлі, вызначылі, што ў пацыента пераломы рэбраў, пашкоджанне ўлоннага сачлянення, траўматычны сімфізіт.

Разам з тым, варта звярнуць увагу, што першапачаткова ў дыягназе было пазначана, што рабочы атрымаў «разрыў лоннага сачлянення», толькі потым, пры выпісцы, дадзеныя ў дыягназе былі пазначаны як «пашкоджанне лоннага сачлянення». Менавіта гэтае «пашкоджанне», а не «разрыў», далі нагоду прыйсці да высновы, што траўма не з'яўляецца цяжкай.

Далей – болей. На прадпрыемстве быў складзены акт аб невытворчай траўме, якую апаратчык атрымаў «з прычыны хваравітага стану». Падставай для такога заключэння паслужыў той факт, што Клімаў раней звяртаўся ў кардыялагічны дыспансер з нагоды падвышанага ціску. Маўляў, раз чалавек некалі звяртаўся ў кардыядыспансер, хоць і не стаяў там на ўліку, то цалкам магчыма, што яму раптам магло зрабіцца блага. І гэта ўлічваючы той факт, што ён працаваў па Спісе №1, праходзіў рэгулярна медыцынскія агляды і атрымліваў допуск да працы.

Пасля траўмы ён атрымаў інваліднасць 3 групы, быў звольнены з роднага прадпрыемства з-за стане здароўя.

На дапамогу былому рабочаму прыйшоў гомельскі праваабаронца, прававы інспектар прафсаюза РЭП Леанід Судаленка. Ён дапамог падрыхтаваць безліч скаргаў і зваротаў. Нарэшце былы рабочы звярнуўся ў суд Навабеліцкага раёна Гомеля. Сутнасць скаргі была ў тым, што ўрачы туберкулёзнай бальніцы, куды трапіў пасля траўмы рабочы, выставілі яму няпоўны дыягназ, што дазволіла прызнаць траўму няцяжкай.

«Прадпрыемствы як могуць хаваюць факты вытворчых траўмаў, і хімічны завод тут не выключэнне. Толькі дзякуючы настойлівасці Аляксандра Клімава справа скранулася з мёртвай кропкі. Але на гэта пайшло тры гады! Каб толькі давесці, што траўма – цяжкая. Урачы схавалі дыягназ, у выніку чаго наймальнік – хімзавод, адмовіўся прызнаць траўму вытворчай. Лічу, што зараз, пасля рашэння суда, Дэпартаменту інспекцыі працы трэба будзе правесці адмысловае расследаванне па дадзеным выпадку і прызнаць траўму вытворчай», - лічыць Леанід Судаленка.

Тым часам Аляксандр Клімаў адзначае, што наперадзе ў яго яшчэ доўгі шлях, каб дамагчыся справядлівасці і даказаць, што траўма была вытворчай.

 

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства