Дашкевіча выпусьцілі з турмы, але пагражаюць крымінальнай адказнасьцю
19 траўня ўвечары з менскай турмы на Акрэсьціна выпусьцілі былога палітвязьня Зьмітра Дашкевіча, які адбыў 25 сутак арышту.
Сустрэць Зьмітра Дашкевіча ля турэмнай брамы ягоным паплечнікам і журналістам не ўдалося. А 19-й гадзіне на міліцэйскай машыне Дашкевіча адвезьлі з турмы на Акрэсьціна ў міліцэйскі пастарунак.
Там міліцыянты заявілі яму, што ў выпадку паўтарэньня парушэньня правіл прэвэнтыўнага нагляду на яго будзе заведзеная крымінальная справа. Пасьля гэтага Дашкевіча вывезьлі на машыне і пакінулі на скрыжаваньні непадалёк ад дома. Толькі каля дзясятай вечара ён прыйшоў дахаты.
Былы палітвязень Зьміцер Дашкевіч быў засуджаны Першамайскім судом Менску на 25 сутак за непадпарадкаваньне міліцыі і парушэньне парадку прэвэнтыўнага нагляду.