Рух "За Свабоду" прапанаваў шэраг захадаў па дэалкагалізацыі насельніцтва
Адна з самых нашумелых тэмаў апошніх дзён — лідарства Беларусі паводле дадзеных Сусветнай арганізацыі аховы здароўя па спажыванні алкаголю — 17,5 літра на душу насельніцтва ў пераліку на чысты спірт.
Зрэшты, Міністэрства аховы здароўя Беларусі запярэчыла, што лічба завышаная, назваўшы іншы паказчык — 11,14 літра. Нават калі так, то і гэта прыкрае месца ў першай дваццатцы! Аднак афіцыйная статыстыка ў нашай краіне не ўлічвае самаробныя алкагольныя напоі і нелегальна ўвезеныя ў Беларусь.
Рух «За Свабоду» прапануе шэраг захадаў па дэалкагалізацыі насельніцтва і антытытунёвыя меры — гэта адзін з пунктаў «Народнай праграмы», які тычыцца рэформаў у сферы аховы здароўя. Нагадаем, «Народная праграма» - гэта ініцыятыва Руху «За Свабоду» па выпрацоўцы канцэпцыі пераўтварэнняў у Беларусі з дапамогай экспертнага і шырокага грамадскага абмеркавання надзённых пытанняў развіцця краіны.
Сярод мераў па зніжэнні спажывання алкаголю і тытуню прапануюцца:
— Значнае павелічэнне акцызаў на алкаголь і цыгарэты (напрыклад, кошт бутэлькі гарэлкі мусіць быць роўны не меней за мінімальны дзённы заробак);
— Забарона продажу піва і моцнага алкаголю ад 22:00 вечара да 10:00 раніцы;
— Вынас продажу цыгарэт і алкаголю ў спецыялізаваныя крамы і шапікі;
— Поўная забарона рэкламы цыгарэт, піва і моцнага алкаголю ў СМІ і на білбордах, а таксама гандлёвых марак вытворцаў цыгарэт і алкаголю;
— Павелічэнне ўзроставага цэнзу на забарону продажу цыгарэт, піва і моцнага алкаголю асобам да 21 года;
— Забарона вырабніцтва і продажу пладова-ягадных він («чарніла») на ўсёй тэрыторыі Беларусі.