Лiквiдуемае грамадскае аб'яднанне “Беларускi лiтаратурны фонд” абскардзiла рашэнне Вярхоўнага суда аб лiквiдацыi арганiзацыi
Наглядныя скаргi накiраваны ў Вярхоўны суд i на адрас Генеральнага пракурора Пятра Мiклашэвiча, паведаміла "Нардная воля".
У дадатак да нагляднай скаргi “Беллiтфонд” накiраваў генпракурору Пятру Мiклашэвiчу спецыяльны зварот у сувязi з “незаконнай”, на думку лiтаратараў, лiквiдацыяй арганiзацыi. “Вярхоўным судом груба парушаны нормы матэрыяльнага i працэсуальнага права i канстытуцыйныя правы як нашага грамадскага аб'яднання, так i ўсiх яго членаў”, — гаворыцца ў дакуменце.
Вярхоўны суд, мяркуе праўленне “Беллiтфонду”, не даў, як таго патрабуе закон, грамадскаму аб'яднанню нi часу, нi магчымасцi падрыхтавацца да працэсу. “Мы былi i застаёмся гатовымi ў адпаведнасцi з заканадаўствам абскардзiць усе закiды Мiнiстэрства юстыцыi, паводле якiх судом было прынята лiквiдацыйнае рашэнне.
Паводле рашэння Вярхоўнага суда, падставай для лiквiдацыi ГА “Беллiтфонд”, членамi якога з'яўляюцца больш за 250 вядомых пiсьменнiкаў Беларусi, лаўрэатаў прэстыжных лiтаратурных прэмiй i званняў, сталi:
1) наяўнасць смецця на тэрыторыi ўстановы “Санаторый-прафiлакторый пiсьменнiкаў ”Iслач";
2) надуманае парушэнне статута ГА “Беллiтфонд”, якое нiбыта пацвярджаецца (цытуем) “пiсьмом на адрас Мiнiстэрства юстыцыi Рэспублiкi Беларусь ад iмя 149 членаў аб'яднання”.
Што да першай прэтэнзii, то “Iслач” з'яўляецца самастойнай юрыдычнай асобай, якая належыць “Беллiтфонду”, i за смецце на тэрыторыi СПП нясе адказнасць менавiта “Iслач”. Хаця пасля выяўлення парушэнняў на тэрыторыi “Iслачы” пiсьменнiкi правялi суботнiк па ўборцы тэрыторыi, але суд гэтыя абставiны не даследаваў.
А вось гiсторыя з “пiсьмом 149-цi” набыла вiдавочна скандальны характар.
“Згаданы лiст ад былых членаў ГА ”Беллiтфонд" разглядаем як грубы паклёп i ўвод дзяржаўных iнстытуцый у зман. У лiсце 28 фiзiчных асоб праз два (!) гады нематывавана i без належнага дакументальнага абгрунтавання (без даверанасцяў i т.п.) скардзяцца ад iмя 149 (!) членаў аб'яднання на тое, што не былi запрошаныя на Агульны сход ГА “Беллiтфонд” у 2005 годзе. На згаданы Сход запрашалiся ўсе члены “Беллiтфонду”, больш за тое, сярод 28 “падпiсантаў” ёсць тыя, хто прымаў удзел у згаданым Сходзе i паставiў свой подпiс у рэгiстрацыйным спiсе", — пiшуць на iмя генпракурора кiраўнiкi “Беллiтфонду”: старшыня Алесь Пашкевiч, Эдуард Акулiн, Анатоль Кудравец, Барыс Сачанка, Мiхась Скобла, Кастусь Цвiрка, Васiль Якавенка, Эрнест Ялугiн, Язэп Янушкевiч, Алесь Данiльчык.
Лiквiдацыя “Беллiтфонду” праводзiцца фактычна па даносе “пакрыўджаных”.
Праўленне “Беллiтфонду” ўведамляе Пятра Мiклашэвiча, што мусiць iнфармаваць “аб катастрафiчнай сiтуацыi ў нашай арганiзацыi Беларускую канфедэрацыю творчых саюзаў i Мiжнародны лiтаратурны фонд (Масква)”. “Вярхоўны суд РБ не можа iсцi на парушэннi мiжнароднага права i не можа не ўлiчваць iнтарэсы Мiжнароднага лiтфонду (правапераемнiка Лiтфонду СССР), сузаснавальнiкам якога з'яўляецца ГА ”Беллiтфонд" i ў склад якога ўваходзяць больш за пятнаццаць пiсьменнiцкiх Лiтфондаў краiн былога СССР i Еўропы", — гаворыцца ў звароце.
Праўленне “Беллiтфонду” настойлiва просiць запатрабаваць з Вярхоўнага суда справу па лiквiдацыi арганiзацыi, вынесцi пратэст на згаданае судовае рашэнне i накiраваць справу на новы разгляд.