Ад бялыніцкіх прадпрымальнікаў зноў патрабуюць грошы (фота)
Бялыніцкія прадпрымальнікі, якія пасля праведзенага суботніка адмовіліся пералічваць грошы на разліковы рахунак Бялыніцкага райвыканкама, зноў атрымалі паўторныя ўведамленні з настойлівай прапановай зрабіць гэта ў абавязковым парадку.
Так, 24 траўня такія ўведамленні прыйшлі ў краму, дзе месцяцца гандлёвыя аб’екты індывідуальнага прадпрымальніка Алега Мяцеліцы і ПУП “Ру-Бон-28”, іх атрымалі і шэраг іншых прадпрымальнікаў, якія яшчэ не пералічылі грошы на добраўпарадкаванне.
У ўведамленнях намеснік старшыні Бялыніцкага райвыканкама Надзея Серыкава зноў настойліва прапануе пералічыць па 200 000 рублей грошай на добраўпарадкаванне, на гэты раз ужо да 28 траўня.
“У выкананне рашэння Бялыніцкага раённага выканаўчага камітэта ад 31 сакавіка 2014 г. №7-8 “Аб правядзенні раённага суботніка” Вам неабходна да 28 траўня 2014 г. пералічыць грашовыя сродкі ў памеры па 200 000 рублёў на кожнага на рахунак №3641061580877 у Цэнтры банкаўскіх паслуг №701 г. п. Бялынічы філіяла №700 г. Магілёў адкрытага акцыянернага таварыства “Ашчадны банк “Беларусбанк”, атрымальнік Бялыніцкі раённы выканаўчы камітэт, УНП – 700081616, МФО 153801536.
Грашовыя сродкі будуць накіраваныя на добраўпарадкаванне г. п. Бялынічы”.
Дырэктар ПУП “Ру-Бон-28”, бялыніцкі актывіст кампаніі “Гавары праўду” Пётр Шымбалёў кажа, што ён не збіраецца пералічваць грошы па загаду Надзеі Серыкавай.
“Тут праблема не ў грашах, а ў прынцыпе – чаму мы павінны пералічваць грошы па нейкім незразумелым указанні з выканкама, - адзначае Пётр Шымбалёў. – Мы заўсёды ўдзельнічаем у мерапрыемствах па добраўпарадкаванні ў родных Бялынічах, падтрымліваем неабходны парадак за ўласны кошт, дык чаму мы яшчэ і павінны плаціць за гэта некаму грошы? Зразумела, што калі мы не выканаем указанне намесніцы старшыні Бялыніцкага райвыканкама Надзеі Серыкавай, у прадпрыемства могуць з’явіцца праблемы, аднак камусьці ж патрэбна выказвацца і адстойваць сваю пазіцыю”.
Іншая прадпрымальніца з Бялыніцкага раёна, якая раней не пералічыла грошы на суботнік, зараз вымушана гэта зрабіць.
“Мне прынеслі паўторнае ўведамленне 23 траўня і папярэдзілі, што, калі я не пералічу грошы, могуць узнікнуць праблемы ў маёй працы, - кажа прадпрымальніца. – Непрыемнасцяў мне райвыканкам можа сапраўды нарабіць шмат, таму я вырашыла, што лепш пералічу гэтыя грошы.
Больш за ўсё мне непрыемна тое, што райвыканкам сам ужо вырашыў, што я павінна пералічыць менавіта 200 тысяч рублёў, не зважаючы на тое, ці ёсць у мяне такая магчымасць”.