Магілёўскія ўлады не дазволі пікетаваць гарвыканкам
Праз пікет у цэнтры горада Ірына Ільінская хацела прыцягнуць увагу магілёўскіх чыноўнікаў і гараджан да яе высялення з інтэрната з двума непаўнагадовымі дзецьмі. Пікет жанчына планавала выставіць 1 чэрвеня ў Міжнародны дзень абароны дзяцей.
Падставай для адмовы ў правядзенні мерапрыемства стала тое, што жанчына выбрала нявызначанае для пікета мясцовымі ўладамі месца.
“Я не ведаю, як мне яшчэ бараніць сваё права на пражыванне ў інтэрнаце, - кажа Ірына Ільінская, -- іншыя спосабы ўжо амаль вычарпаныя. Я ў дэкрэтным адпачынку, і мяне з двума дзецьмі без прадастаўлення іншага жылля хочуць выкінуць на вуліцу. Спрабавала працаўладкавацца, аднак усе патэнцыйныя працадаўцы не прадастаўляюць пакой у інтэрнаце. Дзе мне жыць, калі мяне высяляць, я не ведаю”.
Нагадаем, што Ірына Ільінская 14 гадоў пражыла ў інтэрнаце будаўнічага трэста №12. У яе была бестэрміновая дамова на пражыванне па хадайніцтву трэцяй арганізацыі. Год назад з ёй падманным шляхам адміністрацыя трэста заключыла тэрміновую дамову на пражыванне тэрмінам на 1 год, пасля сканчэння якой пачала працэдуру высялення жанчыны.
Ільінская спрабавала адстаяць сваё права на пражыванне з дзецьмі праз суд, аднак суддзя Ленінскага раённага суда Юлія Трапыніна стала на бок адміністрацыі трэста. Магілёўскі абласны суд адмяніў рашэнне раённага суда ў сувязі са шматлікімі парушэннямі працэса і накіраваў справу на новы разгляд. Аднак, спадзяванняў на тое, што жанчына застанецца далей жыць з дзецьмі ў інтэрнаце, мала – новая рэдакцыя Жыллёвага кодэкса дазваля высяляць з інтэрната ўсіх, хто не працуе ў арганізацыі, якой належыць інтэрнат, у тым ліку і маці-адзіночак.