15 чэрвеня ў судзе Мядзельскага раёну адбудзецца разгляд пазову Яраслава Лукасіка аб прызнаньні незаконным рашэньня мясцовага РАУС аб скасаваньні яму віда на жыхарства
Жонка дэпартаванага беларускімі ўладамі сьвятара пратэстанцкай царквы “Ян Прадвесьнік” Яраслава Лукасіка Натальля паведаміла ПЦ "Вясна", што судовае паседжаньне пачнецца ў 11 гадзінаў па адрасе: г.Мядзель, вул. Крупскай,6. Справу будзе разглядаць судзьдзя Мядзельскага раённага суду Маташнюк Ігар Віктаравіч.
У іску сьвятар просіць адмяніць рашэньне Мядзельскага РАУС ад 8 траўня, згодна з якім Яраславу Лукасіку ануляваны дазвол на сталае пражываньне ў Беларусі з прычыны ажыцьцяўленьня дзейнасьці, нібыта “накіраванай на нанясеньне шкоды нацыянальнай бясьпецы Рэспублікі Беларусь у галіне міжканфэсійных дачыненьняў”.
Акрамя таго, Натальля Лукасік паведаміла, што 13 чэрвеня атрымала адказ з Упраўленьня па грамадзянству і міграцыі Мінаблвыканкама на сваю скаргу з просьбай адмяніць рашэньне мясцовага РАУС аб скасаваньні віда на жыхарства. "Гэта проста звычайная адпіска, якая інфармуе, што сама працэдура ануляваньня апавядае зьдзейснаму заканадаўству і ніякіх парушэньняў з боку міліцыі дапушчана не было. У адказе Упраўленьне па грамадзянству і міграцыі Мінаблвыканкама спасылаецца на арт. 23 Канстутыцыі РБ, дзе запісана, што абмежаваньне правоў і свабод асобы дапускаецца ў інтарэсах нацыянальнай бясьпекі, грамадзкага парадку і г.д. Аднак якія канкрэтна дзеяньні майго мужа ў галіне міжканфесійных зносін прызнаныя небясьпечнымі, не патлумачана, нягледзячы на выкладзеныя ў маёй скарзе пытаньні", - дадала Натальля Лукасік.
Нагадаем, 6 чэрвеня пратэстанцкі сьвятар Яраслаў Лукасік быў дэпартаваны ў Польшчу, яму забарону на ўезд у Беларусь цягам пяці гадоў.