Прэзідэнт падпісаў указ аб рэарганізацыі папраўчых калоній
Ліквідацыю, рэарганізацыю і стварэнне шэрагу арганізацый крымінальна-выканаўчай сістэмы і лячэбна-працоўных прафілакторыяў (ЛПП) прадугледжвае падпісаны 28 мая ўказ прэзідэнта № 242 «Аб удасканальванні дзейнасці крымінальна-выканаўчай сістэмы Міністэрства ўнутраных спраў».
Як паведаміла прэс-служба беларускага кіраўніка, прадугледжана ліквідацыя дзвюх папраўчых калоній у Магілёве і Наваполацку, што выклікана «скарачэннем колькасці асоб, якія адбываюць пакаранне ў папраўчых калоніях». На базе ліквідаваных папраўчых калоній і філіяла ЛПП № 4 у Віцебску будуць створаны тры ЛПП. Прадугледжана рэарганізацыя 35 папраўчых устаноў адкрытага тыпу шляхам далучэння 21 установы да 14 «больш перспектыўных устаноў». Такое ўзбуйненне ўстаноў звязана «са зніжэннем удзельнай вагі пакарання ў выглядзе абмежавання волі з накіраваннем у папраўчыя ўстановы адкрытага тыпу ў структуры прызначаных судамі відаў пакаранняў».
«У мэтах забеспячэння асуджаных максімальнай працоўнай занятасцю» ўлічваецца наяўнасць на тэрыторыі дыслакацыі устаноў, якія ўзбуйняюцца, буйных прамысловых аб`ектаў, іншых арганізацый, якія маюць патэнцыяльную магчымасць для іх працаўладкавання.
У сувязі з аптымізацыяй крымінальна-выканаўчай сістэмы ўносяцца адпаведныя змяненні і дапаўненні ў пералік дзяржаўных арганізацый, падпарадкаваных Міністэрству ўнутраных спраў (яго дэпартаментам), зацверджаны ўказам ад 4 снежня 2007 года № 611 «Аб некаторых пытаннях Міністэрства ўнутраных спраў і арганізацый, якія ўваходзяць у сістэму органаў унутраных спраў».