viasna on patreon

Зміцер Крэмянецкі хоча спагнаць праз суд маральную кампенсацыю за зневажаючыя ўмовы ўтрымання ў Ельскім ІЧУ

2014 2014-06-03T12:22:29+0300 2014-06-03T12:54:41+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/kremjanecki.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Зміцер Крэмянецкі

Зміцер Крэмянецкі

Сёння, 3 чэрвеня, у судзе Цэнтральнага раёна Гомеля адбудзецца папярэдняе паседжанне па грамадзянскаму зыску актывіста «Маладога фронту» Зміцера Крэмянецкага да УУС Гомельскага аблвыканкаму і Міністэрства фінансаў РБ. Нагадаем, яшчэ 22 лютага на ўкраінскай мяжы былі затрыманы Мікалай Дземіденка і Зміцер Крэмянецкі. 24 лютага суд Ельскага раёну пакараў іх арыштам на 10 сутак, прызнаўшы вінаватыміў дробным хуліганстве.

Зміцер Крэмянецкі падаў іск у суд аб матэрыяльнай кампенсацыі маральнай шкоды, атрыманай у Ельскім ІЧУ.

У заяве ў суд маладафронтавец пералічыў шэраг парушэнняў заканадаўства пры адбыцці арышту ў ІЧУ. Так, пасля яго затрымання не былі апавешчаныя аб гэтым блізкія сваякі насуперак патрабаванню ст.8.2 ПВКаАП РБ. Арыштаваныя ўтрымліваліся ў ізалятары з парушэннем устаноўленых правіл. «У прыватнасці, у памяшканні не была забяспечана норма плошчы на аднаго чалавека, я не быў забяспечаны індывідуальным спальным месцам, не было магчымасці прыняць душ, два дні я ўтрымліваўся ў адной камеры з асобай, якую падазраюць у здзяйсненні злачынства», - пералічыў парушэнні ў заяве Зміцер Крэмянецкі.

У камеры, дзе ён адбываў пакаранне, адсутнічала натуральная вентыляцыя, санвузел знаходзіўся ў непасрэднай блізкасці ад месца сну і прыёму ежы. Харчаванне было недастатковым, ежу выдавалі толькі адзін раз у дзень.

Такім чынам, аўтар зыску адчуваў маральныя пакуты ад недахопу свежага паветра, сорам і агіду ў сувязі з тым, што не мог належным чынам падтрымліваць асабістую гігіену, прыём ежы ў непасрэднай блізкасці ад санвузла месца прыніжаў яго гонар і годнасць. Выклікала пакуты і пачуццё голаду, а страх і няўпэўненасць – ад знаходжання побач чалавека, падазраванага ў крымінальным злачынстве.

Маладафронтавец патрабуе праз суд кампенсацыю маральнай шкоды ў памеры 10 мільёнаў рублёў.

«Такія ўмовы адбыцця адміністрацыйнага спагнання безумоўна з'яўляюцца актам забароненага жорсткага, бесчалавечнага, зневажаючага абыходжання», - падкрэслівае ў зыску малады чалавек.

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства