У Баранавічах актывісты вучыліся абараняць свае правы ў адміністрацыйным працэсе
У Баранавічах 14 чэрвеня адбылося навучанне па адміністрацыйнаму праву і працэсу, у якім прынялі ўдзел праваабаронцы з Мінску і мясцовыя актывісты палітычных партый і грамадскіх арганізацый. Удзельнікі семінару разглядзелі выпадкі, у якіх прадугледжваюцца такія віды адміністрацыйнага спагнання, як папярэджанне, штраф, папраўчыя работы, адміністрацыйны арышт, пазбаўленне спецыяльнага права, канфіскацыя.
Найбольшую цікавасць выклікала практычная частка занятку, калі ўдзельнікі семінару выконвалі ролі міліцыянера і ўдзельніка масавага мерапрыемства, суддзі і фізічнай асобы, ў адносінах да якой узбуджана адміністрацыйная справа.
– Сёння ўсе мы змаглі ўпэўніцца, што дрэнна ведаем адміністрацыйнае права і працэс. Але яшчэ больш удзельнікі семінару пераканаліся ў тым, што не ўмеюць паслядоўна і эфектыўна абараняць свае правы. Таму падчас навучання грамадскія актывісты імкнуліся атрымаць не толькі веды, але і навучыцца імі карыстацца на практыцы, – адзначыў актывіст недзяржаўнага прафсаюза РЭП Рыгор Грык.