viasna on patreon

Ушанаванне Міхала Валовіча прайшло пад наглядам міліцыі і са штрафамі

2014 2014-06-16T09:42:32+0300 2014-06-16T09:43:45+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/valovich.jpg
Ушанаванне аднаго з кіраўнікоў паўстання 1930-1831 гадоў супраць Расійскай імперыі Міхала Валовіча

Ушанаванне аднаго з кіраўнікоў паўстання 1930-1831 гадоў супраць Расійскай імперыі Міхала Валовіча

У нядзелю, 15 чэрвеня, у вёсцы Парэчча Слонімскага раёна адбылося ўшанаванне аднаго з кіраўнікоў паўстання 1930-1831 гадоў супраць Расійскай імперыі Міхала Валовіча і яго 12 паплечнікаў.

За суткі да гэтага мерапрыемства супрацоўнікі Слонімскага РАУС наведалі кватэры некалькіх сяброў Слонімскага згуртавання дэмакратычных сіл і папярэдзілі, што гэта мерапрыемства несанкцыянаванае. У прыватнасці, супрацоўнікі міліцыі пабывалі ў суботу, 14 чэрвеня, на кватэрах Івана Шэгі, Івана Бедкі і Алеся Масюка. Атрымліваецца, каб на могілках наведаць магілы памерлых продкаў і ўскласці кветкі, трэба браць дазвол у райвыканкаме, бо гэта, маўляў, масавае мерапрыемства.

Тым не менш, па дазвол на ўшававанне Міхала Валовіча ў Слонімскі райвыканкам ніхто не звяртаўся. І ў нядзелю традыцыйна ўсе сабраліся каля памятнага крыжа ў гонар паўстанцам, які знаходзіцца на парэцкіх могілках. Акрамя слонімцаў у Парэчча завіталі сябры з Гомеля, Менска, Ліды, Дзятлава. 

Мерапрыемства адкрыў кіраўнік слонімскай суполкі БХД Іван Бедка. Пасля выступіў літаратар, гісторык і краязнавец са Слоніма Сяргей Чыгрын, які распавёў пра змагарны шлях Міхала Валовіча і яго паплечнікаў. Пра Міхала Валовіча і пра няпросты сённяшні час на Беларусі ў сваіх выступленнях казалі першы намеснік старшыні Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны Алена Анісім, былы педагог з Дзятлава Валерый Петрыкевіч, прамаўлялі і спявалі патрыятычныя песні беларускія барды Андрэй Мельнікаў з Гомеля і Зміцер Бартосік з Менска…

Калі вярталіся з Парэчча ў Слонім, супрацоўнікамі Слонімскага ДАІ былі затрыманы некалькі машын з тымі, хто ўшаноўваў Міхала Валовіча. А кіроўцу адной з машын і пасажыраў, сярод якіх быў і Андрэй Мельнікаў, нават аштрафавалі. Тым не меш, ушанаванне Міхала Валовіча на Слонімшчыне адбылося і памяць пра аднаго з нацыянальных герояў на Беларусі жыве і будзе жыць заўсёды.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства