Журналіста Андрэя Мялешку аштрафавалі на 30 базавых велічынь
16 чэрвеня гродзенскага журналіста прызналі вінаватым у незаконным вырабе прадукцыі СМІ. Гэта ўжо трэцяя падобная судовая справа ў рэгіёне.
Суд Кастрычніцкага раёна Гродна прыйшоў да высновы, што, рыхтуючы матэрыял для “Беларускага Радыё Рацыя” (Беласток, Польшча), Андрэй Мялешка дзейнічаў без акрэдытацыі Міністэрства замежных спраў Беларусі і парушаў артыкул 22.9 Адміністратыўнага кодэкса.
Падставай для завядзення справы супраць журналіста стала публікацыя, размешчаная 17 красавіка на інтэрнэт-старонцы “Беларускага Радыё Рацыя” і падпісаная псеўданімам Ігар Мікалаеў. Супрацоўнікі міліцыі на падставе сабраных сведчанняў сцвярджаюць, што гэтая публікацыя была падрыхтаваная менавіта Андрэем Мялешкам, які не меў права працаваць без акрэдытацыі МЗС Беларусі.
На папярэдніх пасяджэннях 4 і 11 чэрвеня суддзя Дзмітрый Кедаль спачатку выклікаў для ўдзелу ў працэсе дадатковых сведак, а пасля зрабіў запыт адносна вынесеных Андрэю Мялешку папярэджанняў пракуратуры за працу без акрэдытацыі.
Адметна, што гэта ўжо трэцяя падобная справа на Гродзеншчыне. 4 красавіка “за незаконны выраб прадукцыі СМІ” на 30 базавых велічынь быў аштрафаваны сябра ГА “БАЖ” Алесь Дзянісаў, а 27 мая – аўтар і вядоўца тэлеканал “Белсат” Алесь Залеўскі.
На думку юрыстаў, падобныя судовыя рашэнні парушаюць гарантаванае Канстытуцыяй Беларусі права на свабодны збор і распаўсюд інфармацыі. Сам Андрэй Мялешка прысуд збіраецца абскарджваць.