Запрашаем на прэс-канферэнцыю Алеся Бяляцкага
23 чэрвеня ў офісе Праваабарончага цэнтра “Вясна” аб 11-й гадзіне распачнецца прэс-канферэнцыя кіраўніка арганізацыі і віцэ-прэзідэнта Міжнароднай федэрацыі за правы чалавека Алеся Бяляцкага.
Палітычны вязень вызвалены з папраўчай калоніі № 2 г. Бабруйска 21 чэрвеня – у дзень уступлення ў сілу Закона “Аб амністыі ў сувязі з 70-годдзем вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў”.
Алесь Бяляцкі быў арыштаваны 4 жніўня 2011 года і за сваю праваабарончую дзейнасць правёў у зняволенні амаль тры гады. Увесь гэты час краіны Еўрапейскага Саюза, ЗША і міжнародныя праваабарончыя арганізацыі патрабавалі ад уладаў Беларусі вызвалення праваабаронцы. Працоўная група па адвольных затрыманнях Савета па правах чалавека ААН прыняла рашэнне па справе Алеся Бяляцкага, прызнаўшы яго зняволенне адвольным.
Анлайн-трансляцыю прэс-канферэнцыі будуць весці Радыё "Свабода" і "Наша Ніва".
Адрас ПЦ “Вясна”: вул.Мяржынскага, 8-26. Тэл.: (017) 280 23 11