viasna on patreon

Сяброў Слонімскага згуртавання дэмакратычных сіл апыталі ў міліцыі

2014 2014-06-25T14:27:22+0300 2014-06-25T14:27:50+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/slonim-pomnik-3.gif

Іван Шэга, Алесь Масюк ды Іван Бедка з’явіліся ў аддзяленне міліцыі паводле позваў. Таксама позву атрымала і фотакарэспандэнтка “Газеты Слонімскай” Таццяна Дзянісюк.

Як кажа Іван Шэга, яго апытваў намеснік начальніка раённай міліцыі Клыбік, якога цікавіла ўшанаванне памяці Міхала Валовіча 15-га чэрвеня ў вёсцы Парэчча:

- Была гутарка, скажам так, абмеркаванне па ўсіх пытаннях. Ён, уласна кажучы, нічога да мяне не меў. Як патлумачыў, па звычцы выклікаў. Карацей кажучы, на нашым блозе было паведамленне пра вось гэтае мерапрыемства.

Грамадскі актывіст Алесь Масюк расказаў нам, што ў міліцыі прызнаў той факт, што гэта ён размясціў абвестку пра ўшанаванне памяці Валовіча на слонімскім блогу:

- Яны ў мяне пыталіся пра “Слонімскі блог”: ці я паставіў на блог інфармацыю пра тое, што адбудзецца ўшанаванне памяці Міхала Валовіча. Бо інфармацыя была падпісана “Алесь”. Я ж не буду падманаваць, кажу, што я паставіў. Яны склалі пратакол апытання. Запісалі, што гэта я выставіў інфармацыю на блогу. Больш нічога не сказалі.

На заўтра, 25-га чэрвеня, Алесь Масюк атрымаў чарговую позву ў міліцыю. Як яму сказалі, будуць думаць, што рабіць далей адносна яго адміністрацыйнай справы.

Відавочна, у міліцыі палічылі ўшанаванне памяці аднаго з кіраўнікоў паўстання 1830-31 гадоў Міхала Валовіча - за масавае мерапрыемства. А паводле існага заканадаўства, нельга даваць абвестку пра такое мерапрыемства да часу атрымання дазволу на яго правядзенне.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства