Мікашэвічы: Леанід Дубаносаў вызвалены без складання пратаколу
У першай палове дня 25 чэрвеня ў Мікашэвічах ва ўласным доме быў затрыманы актывіст кампаніі “Гавары праўду” Леанід Дубаносаў. Прычынай затрымання супрацоўнікі міліцыі назвалі лаянку матам і даставілі Леаніда ў мясцовае аддзяленне.
У кабінеце маёр крымінальнага вышуку (бо ў такі кабінет завялі Дубаносава) лагодна прапанаваў вады Дубаносаву, паводзіў сябе ветліва. У час затрымання актывіста яму паступіла некалькі званкоў ад журналістаў. Такія ж званкі паступалі і ў дзяжурную частку, дзе не ведалі, як каментаваць сітуацыю. Маёр прапанаваў Леаніду змову, што складзе пратакол за лаянку, але ў суд не накіруе, нібы таму, што Дубаносаў выбачыўся. Але актывіст на змову не пайшоў. Тады маёр перадумаў складаць пратакол, адзначыўшы, што лаянка яму падалася, “толькі, каб у прэсе больш нічога не было”.
Праз паўгадзіны пасля затрымання Леанід Дубаносаў быў вызвалены без складання пратакола. У знак кампенсацыі актывіста дадому адправілі на службовай машыне.