viasna on patreon

Справа аб расследаванні катаванняў у дачыненні да Пятра Кучуры ў ПК-15 зрушылася з мёртвай кропкі

2014 2014-06-26T13:07:26+0300 2014-06-26T15:37:55+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/kuchura.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Людміла Кучура. Фота: svaboda.org

Людміла Кучура. Фота: svaboda.org

Працяглыя намаганні жонкі асуджанага і праваабаронцаў "Вясны" атрымалі пэўны вынік. Напэўна, скарга ў Камітэт па правах чалавека ААН па факце атручвання асуджанага Пятра Кучуры ў ПК-15 г.Магілёва хлоркавай вапнай, якая магла быць прыменена наўмысна як сродак катавання, прымусіла следчыя органы заварушыцца.

У канцы траўня жонка асуджанага атрымала з Упраўлення Следчага камітэта па Магілёўскай вобласці паведамленне аб тым, што прызначана праверка для ўстанаўлення факту атручвання хлорам і наступстваў гэтага атручвання, з гэтай мэтай будзе праведзена судова-медыцынская экспертыза. Таксама па скаргах Людмілы Кучура будзе праведзена праверка згодна з артыкулам 174 Крымінальна-працэсуальнага кодэкса РБ, паколькі яна прасіла распачаць крымінальную справу супраць асобаў, вінаватых у прычыненні шкоды здароўю яе мужа.

Па словах Людмілы Кучура, дадзенае паведамленне стала для яе поўнай нечаканасцю, бо з моманту здзекаў з яе мужа ў ШЫЗА ПК-15 прайшло амаль дзевяць месяцаў. «За гэты час я напісала вельмі шмат скаргаў і ў Следчы камітэт і ў Генеральную пракуратуру, у задавальненні якіх мне беспадстаўна адмаўлялі. Я таксама звярталася ў суд, які стаў на бок тых, хто творыць беззаконне. Яшчэ 13 траўня з Упраўлення СК па Магілёўскай вобласці адказалі, што мне адмоўлена ва ўсіх гэтых разглядах. Таксама мне і мужу прыйшлі адказы з Генпракуратуры, дзе тое ж самае - што я ўсё магу абскардзіць у вышэйстаячыя органы. І раптам гэта паведамленне...».

Таксама Людміла Міхайлаўна распавяла, што тыдні два таму яе выклікалі ў Следчы камітэт Маскоўскага раёна Мінска, па просьбе УСК па Магілёўскай вобласці, для дачы тлумачэнняў. «Я ў сваіх тлумачэннях указала, што дадзенай праверцы я не давяраю і што экспертыза, якая зараз будзе праводзіцца, ужо мае значэнне толькі для іх. Я сумняваюся, што праз дзевяць месяцаў магчыма ўстанавіць наяўнасць у арганізме хлоркі. Так, там могуць быць нейкія змены на лёгкіх, але зноў-такі, гэтыя змены яны могуць трактаваць, як захочуць - дзесьці прастыў, яшчэ нешта... Зразумела, што праверка па артыкуле 174-м КПК праводзіцца толькі цяпер, каб схаваць злачынныя дзеянні адміністрацыі ПК-15», - лічыць яна.

Праваабаронцы "Вясны" лічаць, што ў дадзеным выпадку адказнасць павінна несці не толькі адміністрацыя ПК-15, але і прадстаўнікі тых органаў, якія такі доўгі час перашкаджалі правядзенню аб'ектыўнай праверкі.

Нагадаем, што ў сакавіку бягучага года, вычарпаўшы ўсе ўнутраныя сродкі прававой абароны, Людміла Кучура накіравала ў Камітэт па правах чалавека ААН скаргу па факце атручвання мужа ў ПК-15 хлоркавай вапнай, якая магла быць прыменена да асуджанага наўмысна як сродак катавання, жорсткага, бесчалавечнага абыходжання. У скарзе, падрыхтаванай з дапамогай ПЦ "Вясна", яна просіць "прызнаць парушэнне дзяржавай права Пятра Кучуры згодна з артыкулам 7, пунктам 2 артыкула 10 і агульных юрыдычных абавязацельстваў па артыкуле 2 Міжнароднага Пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах, прызначыць справядлівую кампенсацыю". Людміла Кучура лічыць магчымым патрабаваць ад дзяржавы грашовай кампенсацыі маральнай шкоды, што выявілася ў фізічных і маральных пакутах мужа.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства