viasna on patreon

Пры выкананьні службовых абавязкаў жорстка зьбіты сябра прафсаюза РЭП з Буда-Кашалёўскага раёну Аляксандр Берасьнеў

2007 2007-06-21T10:00:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Аляксандр Берасьнеў працуе вартаўніком у рэспубліканскім дачэрнім сельскагаспадарчым унітарным прадпрыемстве "Белоруснефть-Особино" і добра вядомы як чалавек з ярка акрэсьленай грамадзянскай пазіцыяй.

6 чэрвеня ён накіраваў калектыўны ліст працаўнікоў цэха "Ахова" на імя галоўнага інсьпектара па Гомельскай вобласьці памочніка прэзідэнта Віктара Шчэцько, у якім прыводзіліся факты сістэматычных парушэньняў працоўнага заканадаўства, зьняваг і абраз супрацоўнікаў з боку начальніка цэха Аляксандра Рову, а таксама аб беспрынцыпных адносінах дырэктара прадпрыемства Людмілы Маеўскай.

Як стала вядома ПЦ “Вясна”, 14 чэрвеня падчас працы актывіст незалежнага прафсаюзу Аляксандр Берасьнеў быў жорстка зьбіты невядомымі людзьмі і абрабаваны: у яго забралі дакументы, мабільны тэлефон, грошы, зьнялі залаты ланцужок. Чатыры дні ён праляжаў у беспрытомным стане дома, зараз знаходзіцца ў нейрахірургічным аддзяленьні Гомельскага абласнога шпіталю з сатрасеньнем мозгу і шматлікімі пераломамі.

Супрацоўнікі міліцыі з Буда-Кашалёву прыязджалі ў шпіталь, распытвалі спадара Берасьнева аб інцыдэнце, аднак актывіст адчувае сябе вельмі кепска і дрэнна размаўляе. Пакуль невядома, ці ўзбуджана крымінальная справа па факце зьбіцьця.

Калегі перакананыя, што выпадак напрамую зьвязаны са зваротам Аляксандра Берасьнева ў адміністрацыю прэзідэнта, паколькі невядомыя гарлапанілі: "Не перастанеш пісаць, прыкончым і цябе, і тваю сям'ю". Жонка і двое непаўнагадовых дзяцей актывіста вельмі перажываюць за здароўе і лес роднага для іх чалавека.

Кіраўніцтва і сябры незалежнага прафсаюзу заяўляюць, што распачнуць усе меры для аб'ектыўнага расьследваньня гэтага злачынства.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства