У Баку крытыкавалі афіцыйны Менск за палітвязьняў
Два камітэты Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ прынялі рэзалюцыі па Беларусі.
Камітэт па дэмакратыі і правах чалавека уключыў у рэзалюцыю заклік да неадкладнага вызваленьня і рэабілітацыі ўсіх палітычных зьняволеных у Беларусі.
Пра гэта паведамляе БелаПАН са спасылкай на кіраўніка працоўнай групы ПА АБСЭ па Беларусі Крысьціяна Хольма.
Хольм лічыць, што адпаведны пункт мусіць заўжды ўносіцца ў гэтую рэзалюцыю да моманту ягонага выкананьня.
Папраўка ў рэзалюцыю Палітычнага камітэта выяўляе заклапочанасьць «дэфіцытам дэмакратычных палітычных інстытутаў і адсутнасьцю дэмакратычнага прагрэсу ў Беларусі».
Сэсія ПА АБСЭ адбываецца ў БАК з 28 чэрвеня па 2 ліпеня. Беларусь прадстаўляюць намесьнік старшыні Платы прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Віктар Гумінскі, член пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па міжнародных справах Валянціна Леаненка, старшыня пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі Нацыяльнага сходу па міжнародных справах і нацыянальнай бясьпецы Ўладзімер Сянько.