Баранавіцкія прадпрымальнікі абралі прадстаўнікоў для перамоваў з прэзідэнтам
Каля 300 індывідуальных прадпрымальнікаў Цэнтральнага гарадскога рынка 1 ліпеня распачалі калектыўны страйк, каб выказаць сваю нязгоду з указам Прэзідэнта № 222. Нефармальны лідар мясцовых “ІПэшнікаў” Мікалай Чарнавус распавёў пра вынікі Форума прадпрымальнікаў 30 чэрвеня ў Мінску. Затым людзі арганізавана рушылі з цэнтральнага каапрынку на сустрэчу з кіраўніцтвам горада, дзе да іх далучыліся прадпрымальнікі з Палескага рынку. Пэўны час яны стаялі ў файе будынка і чакалі прадстаўнікоў улады. Затым прадпрымальнікі занялі вялікую залу гарвыканкама, але ніхто з мясцовых чыноўнікаў не адважыўся выйсці з імі на сустрэчу, каб супольна пагаварыць пра набалелыя праблемы.
Усе выступоўцы адзначалі, што ўказ, паводле якога прадпрымальнікі абавязаны мець сертыфікаты на ўвезены тавар, паставіць малы бізнес на калені, таму трэба аб’ядноўвацца і бараніць свае правы.
Удзельнікі сходу вырашылі: калі гарадская адміністрацыя іх слухаць не хоча, то трэба ехаць у Мінск. Заўтра дэлегацыя баранавіцкіх “ІПэшнікаў” збіраецца ў Адміністрацыю прэзідэнта. Але большасць вырашыла 2 ліпеня пайсці ў гарадскі цэнтр занятасці, каб зарэгістравацца беспрацоўнымі.