У Шклоўскім раёне аднавілі помнік яўрэям, загінулым падчас генацыда
На гарадскіх могілках вёскі Рыжкавічы 29 чэрвеня адбыўся ўрачысты мітынг, прысвечаны аднаўленню помніка яўрэям, якія сталі ахвярамі генацыда падчас другой сусветнай вайны. Усяго на дадзеных могілках пахаваны каля 2700 чалавек, якія былі растраляны ў двух шклоўскіх гета.
Ініцыятарам аднаўлення помніка на старых габрэйскіх могілках у вёсцы Рыжкавічы выступіла жыхарка Нью-Ёрка Дар'я Флэйр, продкі якой нарадзіліся ў Шклоўскім раёне. У мінулым годзе яна наведала Шклоў і была ўражана тым, у якім занядбалым стане знаходзіцца тэрыторыя былых яўрэйскіх могілак.
Па словах грамадскага актывіста са Шклова Аляксандра Грудзіны, Дар’я Флэйр звярнулася за дапамогай у Шклоўскі райвыканкам, які дапамог усталяваць помнік і правёў работы па добраўпарадкаванні могілак.
Усяго ў мітынгу на могілках у Рыжкавічах прыняло ўдзел каля ста чалавек, у тым ліку непасрэдныя відавочцы расстрэлу яўрэяў у 1941 годзе. Таксама на мітыгу прысутнічалі прадстаўнікі раённых уладаў, мясцовых грамадскіх арганізацый, госці з Магілёва і ініцыятар аднаўлення помніка Дар’я Флэйр, якая адмыслова для гэтага прыехала з ЗША.
Завяршылася ўрачыстае мерапрыемства ўскладаннем кветак да помніка і памятных пліт.