Брэст: улады забаранілі пікет у месцы, якое самі вызначылі для правядзення масавых акцый
У лісце за подпісам намесніка старшыні гарвыканкама Генадзя Барысюка падставай для адмовы пікета названы той факт, што ў гэты час у парку воінаў-інтэрнацыяналістаў у Брэсце будуць адбывацца іншыя мерапрыемствы, якія былі запланаваны раней.
Нагадаем, што заўка на правядзенне пікета супраць росту коштаў на тавары і паслугі была пададзена кіраўніком мясцовай арганізацыі Беларускай партыі левых “Справядлівы свет” Людмілай Дзенісенка. Акцыю планавалася правесці 17 ліпеня на працягу гадзіны (з 13.00 да 14.00) на пляцоўцы каля сцэны ў парку воінаў-інтэрнацыяналістаў.
Людміла Дзенісенка здзіўлена такім падыходам гарадскіх уладаў. “Калі ў парку рэгулярна ладзяцца свае мерапрыемствы, якія нібыта замінаюць правядзенню, дык навошта ўвогуле было гарвыканкаму прымаць рашэнне, паводле якога менавіта гэтую пляцоўку прызначылі месцам, дзе павінны адбывацца масавыя акцыі?” – задалася пытаннем кіраўнік брэсцкай суполкі партыі “Справядлівы свет”. Яна не выключае магчымасці абскардзіць забарону пікета у судовых інстанцыях.