Брэст: былы рабочы ААТ “Савушкін прадукт” пазбаўлены выплат да пенсіі за сяброўства ў незалежным прафсаюзе
Актывіст незалежнага прафсаюза РЭП Уладзімір Андрашчук хоча праз суд дамагчыся выплаты 15 мільёнаў рублёў ад кіраўніцтва прадпрыемства “Савушкін прадукт”. Гэтыя грошы кампрэсаршчык аміячных установак 6 разраду Уладзімір Андрашчук павінен быў атрымаць пры выхадзе на пенсію згодна калектыўнай дамовы. Але, прапрацаваўшы старанна ў гэтай вытворчасці 39 гадоў, выплаты не атрымаў. Гэта звязана з тым, што ў калектыўнай дамове запісана, што гэтыя грошы выплочваюцца з хадайніцтва непасрэднага начальніка работніка і са згоды генеральнага дырэктара. Андрашчук лічыць, што адмовай у выплаце кіраўніцтва адпомсціла яму за яго прынцыповую грамадзянскую пазіцыю. Ён выйшаў з афіцыйнага прафсаюзу, выступаў супраць кантрактаў і дапрацаваў да пенсіі на доўгатэрміновай дамове, хаця страчваў у заробку. Дапамагаў рабочым абараняць свае правы.
Прадстаўнік Андрашчука ў судзе праваабаронца Уладзімір Малей крытычна ацэньвае калектыўную дамову. Згодна з ёй, кіраўнік мае даход каля 5.5 мільярдаў рублёў у год атрымаў царскія паўнамоцтвы на прадпрыемстве, таму ўмовы гэтай дамовы доўгі час былі невядомыя працоўным. Андрашчуку паказалі яе толькі пасля ўмяшальніцтва пракуратуры. Там запісана, што пры выхадзе на пенсію работніку плаціцца 2 базавыя велічыні за кожны прапрацаваны год, за юбілеі 50 і 60 гадоў, хто прапрацаваў на вытворчасці 10 гадоў. Аказваецца матэр’яльная дапамога ў 8 базавых велічынь ветэранам працы, якія прапрацавалі 30 і кожныя наступныя 5 гадоў па 10 базавых велічынь. Нягледзячы на такія правілы, самы старэйшы і высокакваліфікаваны работнік нічога гэтага не атрымаў.
Кіраўнік Брэсцкага абласнога прафсаюза РЭП Зінаіда Міхнюк упэўнена, што гэта зроблена для навукі ўсім работнікам: будзеце пратэставаць, патрабаваць -- нічога не атрымаеце.