Кіраўнік польскай дыпламатыі запэўніў у далейшай падтрымцы беларускіх НДА
«У мяне ўжо язык трохі заплятаецца ад інтэнсіўнасці сустрэчаў, але я не стамлюся паўтараць ўсім - неабходна факусавацца на беларускім грамадстве», - сказаў Алесь Бяляцкі ў завяршэнне другога дня візіту ў Варшаву.
11 ліпеня дзень пачаўся з тэлеканферэнцыі старшыні Праваабарончага цэнтра "Вясна" з амбудсменам Польшчы прафесарам Ірэнай Ліповіч. «Яны гутарылі пра тое, як Бюро ўпаўнаважанага па правах чалавека ў Польшчы можа дапамагчы няўрадавым арганізацыям у Беларусі», - паведаміла Вольга Саламатава з Хельсінскага фонду па правах чалавека.
Затым беларускі праваабаронца наведаў рэдакцыю «Газеты выборчай», дзе пагутарыў з журналістамі і галоўным рэдактарам польскага штодзённіка, які выпускаецца з 1989 года, Адамам Міхнікам, былым польскім дысідэнтам. «Гэта быў абмен горкім вопытам. Распавядаючы пра атмасферу ў турме, суразмоўцы знайшлі шмат агульнага ў сваіх адчуваннях і патрэбах. Як аказалася, абодва, будучы ў зняволенні, пачалі пісаць кнігі. У завяршэнне Бяляцкі і Міхнік прыйшлі да высновы, што, незалежна ад часу і сітуацыі, у якой знаходзішся ў зняволенні, адчуванні і патрэбы аднолькавыя», - распавядае прысутная на сустрэчы журналіст выдання Магда Альшэўская. Яна дадала, што Алесь Бяляцкі, распавядаючы аб грамадска-палітычнай сітуацыі ў сваёй краіне, выказаў занепакоенасць цяжкім станам незалежных СМІ ў Беларусі ў сувязі з адсутнасцю фінансавай падтрымкі.
Тэму інфармацыйнай прасторы Беларусі праваабаронца закрануў таксама на сустрэчы з міністрам замежных спраў Польшчы Радаславам Сікорскім. «Кіраўнік польскай дыпламатыі запэўніў, што Польшча будзе далей падтрымліваць беларускія НДА і прызначаць сродкі на праекты. МЗС Польшчы таксама зацікаўлены ў развіцці медыйных праектаў на тэрыторыі былога СССР, у тым ліку беларускіх СМІ, такіх як тэлебачанне «Белсат» і «Радыё Рацыя». Гэта важна ў сітуацыі ўплыву расійскай прапаганды на беларускае грамадства», - сказаў Алесь Бяляцкі.
Яго знаходжанне ў Варшаве не магло абысціся без сустрэчы з беларускай суполкай у Польшчы. Беларускія апазіцыянеры і актывісты, якія пражываюць у Польшчы, прысутнічалі таксама на іншых адкрытых мерапрыемствах, але менавіта ў Беларускім доме ў Варшаве адчувалася, што ў Польшчу прыехаў чалавек, на якога ўскладаюцца надзеі на паляпшэнне сітуацыі на радзіме. Гутарка тычылася сітуацыі з апазіцыяй у Беларусі і палітвязняў, а пачалася яна з сімвалічнага жэсту. Алеся папрасілі зняць са сцяны свой фатаздымак, на якім ён знаходзіцца за кратамі. «Вазьмі яго сабе на памяць, і няхай гэтая гісторыя ніколі не паўторыцца», - пажадаў Алесь Зарэмбюк, адзін з кіраўнікоў Беларускага дома ў Варшаве.
Цыкл адкрытых мерапрыемстваў з Алесем Бяляцкім завершыць суботняя сустрэча з удзельнікамі Варшаўскай Усходне-Еўрапейскай канферэнцыі. На гэтым штогадовым міжнародным форуме, арганізатарам якога з'яўляецца Цэнтр даследаванняў Усходняй Еўропы пры Варшаўскім універсітэце, выступаюць вядомыя палітыкі і эксперты з усяго свету. Тэмай канферэнцыі сёлета стала трансфармацыя Польшчы і рэгіёну пасля 1989 года. Выступ Алеся Бяляцкага будзе прысвечаны сітуацыі праваабарончых арганізацыяў у Беларусі.
Паводле Інфармацыйнага офіса салідарнасці з Беларуссю «Беларусь у фокусе»