viasna on patreon

Хоцімск: адказу ад міністра ўнутраных спраў грамадскі актывіст пакуль не дачакаўся

2014 2014-07-15T13:28:01+0300 2014-07-15T13:28:01+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/karankev-prakuratura.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Валер Каранкевіч

Валер Каранкевіч

Грамадскі актывіст з Хоцімска Валерый Каранкевіч пакуль так і не атрымаў адказу на сваю скаргу на імя міністра ўнутраных спраў Беларусі, хоць з моманту яе накіравання прайшло ўжо больш за месяц.

Валерый Каранкевіч яшчэ 10 чэрвеня адаслаў скаргу на імя міністра ўнутраных спраў Беларусі, у якой папрасіў адмяніць пастанову начальніка Хоцімскага РАУС (ліст №ЕК-506 ад 16.04.2014 г.) і пастанову ад 23.05.2014 г. намесніка начальніка УУС Магілёўскага аблвыканкама (ліст № 19/К-33 от 23.05.2014 г.) аб спыненні справы аб адміністрацыйным правапарушэнні па яго заяве ў міліцыю. У заяве спадар Каранкевіч прасіў супрацоўнікаў міліцыі правесці расследванне, выявіць асоб, якія здзейснілі абразу і паклёп на яго адрас, і прыцягнуць іх да адказнасці па закону.

Падставай для напісання заявы ў Хоцімскі РАУС і УУС Магілёўскага аблвыканкама паслужылі змешчаныя ў перыяд перадвыбарчай кампаніі і раней на інтэрнэт-рэсурсе voskresinfo.com матэрыялы паклёпніцкага і ганьбячага зместу ў адносінах Валерыя Каранкевіча, зневажаючыя яго гонар і годнасць.

Грамадскі актывіст вымушаны быў звярнуцца да міністра, бо супрацоўнікі Хоцімскага РАУС і Магілёўскага УУС фактычна распісаліся ва ўласнай бездапаможнасці ў пошуках інтэрнэт-паклёпнікаў.

Скарга на імя міністра была накіраваная 10 чэрвеня заказным лістом з апавяшчэннем, таму Валерый Каранкевіч дакладна ведае, што ў міністэрстве ўнутраных спраў яе атрымалі своечасова.

“Сёння ўжо 15 ліпеня, прайшло больш за месяц з моманту падачы скаргі, аднак ніякага адказу з міністэрства ўнутраных спраў я пакуль так і не атрымаў, - распавядае Валерый Каранкевіч. – Чым выклікана гэта затрымка, я не ведаю, тым больш, што ў мінулым месяцы супрацоўнік Хоцімскага РАУС у чыне старэйшага лейтэнанта апытваў мяне ў сувязі з маёй скаргай на імя міністра ўнутраных спраў.

Тады на кампутары мне былі прадэманстраваны змешчаныя на інтэрнэт-сайце voskresinfo.com фотаздымкі, супрацоўнік міліцыі прасіў мяне патлумачыць, дзе, калі і з кім я на іх фатаграфаваўся, на якіх іншых інтэрнэт-рэсурсах яны размяшчаліся, і ў які час. Ніякага пратакола апытання тады мне падпісваць не прапаноўвалі. Старэйшы лейтэнант толькі адзначыў, што гэтая інфармацыя патрэбна супрацоўнікам міліцыі для пошукаў інтэрнэт-паклёпнікаў, сказаў таксама, што сваёй скаргай на імя міністра я дадаў ім шмат працы”.

Па словах Валерыя Каранкевіча, ён збіраецца пачакаць адказу з міністэрства яшчэ адзін дзень, а пасля мае намер наведаць Хоцімскі РАУС, каб дамагчыся нейкіх тлумачэнняў ад яго супрацоўнікаў.

“Пачакаю яшчэ заўтрашняй пошты і, калі адказу з міністэрства ўнутраных спраў зноў не будзе, наведаю Хоцімскі РАУС. Няхай яго супрацоўнікі мне патлумачаць, чаму ў тым ведамстве, якое заклікана забяспечваць выкананне законаў, не забяспечваюць выкананне закона аб зваротах грамадзян”, - кажа Валерый Каранкевіч.

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства