viasna on patreon

Людміла Кучура не здаецца ў супрацьстаянні з органамі следства

2014 2014-07-18T12:16:47+0300 2014-07-18T12:16:47+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/kuchura-05.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Людміла Кучура. Фота: svaboda.org

Людміла Кучура. Фота: svaboda.org

Пасля правядзення праверкі, якой доўга дамагалася жонка асуджанага Пятра Кучуры, Магілёўскі міжраённы аддзел Следчага камітэта адмовіў ва ўзбуджэнні крымінальнай справы па факце неправамерных дзеянняў супрацоўнікаў адміністрацыі ПК-15 г.Магілёва. Людміла Кучура абскардзіла гэтае рашэнне гарадскому пракурору.

Праверка па факце атручвання асуджанага Пятра Кучуры ў камеры ШЫЗА магілёўскай калоніі парамі хлоркавай вапны была прызначаная ў канцы траўня Упраўленнем СК па Магілёўскай вобласці пасля таго, як з дапамогай праваабаронцаў у Камітэт па правах чалавека ААН была накіраваная скарга, у якой паведамлялася пра верагоднасць наўмыснага прымянення персаналам калоніі хлоркавай вапны як сродку катавання, жорсткага, бесчалавечнага абыходжання. Да таго ж, УСК абяцала, што падчас праверкі будзе праведзена судова-медыцынская экспертыза для выяўлення наступстваў атручвання ў арганізме Пятра Кучуры.

У выніку, пастановай ад 27 чэрвеня старэйшы следчы Магілёўскага міжраённага аддзела Следчага камітэта П.Л. Скавародкін адмовіў ва ўзбуджэнні крымінальнай справы. У гэтай пастанове пералічаныя апытаныя падчас праверкі асобы з ліку персаналу і асуджаных ПК-15, а таксама пералічаныя вывучаныя медыцынскія дакументы. Сваё рашэнне следчы Скавародкін патлумачыў адсутнасцю ў дзеяннях супрацоўнікаў адміністрацыі ПК-15 складу злачынства, прадугледжанага артыкулам 426 КК РБ «Перавышэнне ўлады або службовых паўнамоцтваў».

У скарзе на імя пракурора г. Магілёва, накіраванай 17 ліпеня, Людміла Кучура паведамляе, што пастанову аб адмове ва ўзбуджэнні крымінальнай справы следчага Магілёўскага міжраённага аддзела СК ад 27 чэрвеня 2014 года яна лічыць незаконнай, неабгрунтаванай і падлягаючай адмене.

«Безумоўна, калі б праверка была праведзеная своечасова, то абставіны справы высвятляць было б прасцей. Аднак гэта не азначае, што цяпер неабходна было толькі імітаваць дзейнасць замест таго, каб распачаць усе прадугледжаныя законам меры для ўсебаковага ўстанаўлення абставінаў здарэння.
Лічу неабходным дапоўніць матэрыялы праверкі і прызначыць судова-медыцынскую экспертызу, даследуючы не медыцынскія дакументы, а непасрэдна пацярпелага П. Кучуру на прадмет наяўнасці ў яго слядоў уздзеяння хімічнага рэчыва. Той факт, што яму не было аказана своечасова неабходнай медыцынскай дапамогі і не было праведзена абследаванне, як раз і быў прадметам маіх скаргаў. Таму абгрунтоўваць адсутнасцю запісаў пра цялесныя пашкоджанні адсутнасць саміх пашкоджанняў няправільна. Істотныя супярэчнасці паміж тлумачэннямі апытаных асобаў мелі патрэбу ў ліквідацыі. Гэта можна зрабіць шляхам правядзення вочных ставак, што не прадугледжана крымінальна-працэсуальным законам на этапе даследчай праверкі. Таму паўнавартасна праверыць довады пацярпелага і заяўніка можна было толькі ў выпадку ўзбуджэння крымінальнай справы і яе расследавання», - гэтым сярод іншага аргументуе сваю пазіцыю Людміла Міхайлаўна.

Таксама, прыводзячы ў сваёй скарзе прынцыпы эфектыўнага расследавання і дакументавання катаванняў і іншых жорсткіх, бесчалавечных відаў абыходжання і пакарання (вядомыя як Стамбульскі пратакол), жонка зняволенага канстатуе, што пры правядзенні праверкі Магілёўскім міжраённым аддзелам Следчага камітэта гэтыя ўмовы не былі выкананыя.

Людміла Кучура просіць пракурора г. Магілёва адмяніць пастанову следчага Магілёўскага міжраённага аддзела Следчага камітэта ад 27 чэрвеня 2014 года аб адмове ва ўзбуджэнні крымінальнай справы.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства