viasna on patreon

Як апантана міліцыя ўпякае ў ЛТП. Сведчанне мінчука

2014 2014-07-23T15:18:44+0300 2014-07-23T15:23:23+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/ltp-milicyja.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У Праваабарончы цэнтр "Вясна" звярнуўся жыхар беларускай сталіцы, што распавёў пра хітрыя метады, з дапамогай якіх супрацоўнікі міліцыі, мяркуючы па ўсім, выконваюць план па запаўненні "лячэбна"-працоўных установаў.

 

Мінчук: Адбывалася ўсё ў гэтым месяцы. Пасля працы на прахадной прадпрыемства на вачах у маіх калегаў мяне схапілі за рукі. Калі ўбачылі ў руках тэлефон, пачалі заламваць рукі за спіну, вельмі высока - было балюча. Пры гэтым я супраціву ніякага не аказваў. Мабільны тэлефон забралі, і калі я прасіў яго назад, сказалі, што не дадуць мне патэлефанаваць, каб ніхто не даведаўся, дзе я знаходжуся. Былі пагрозы надзець кайданкі, і гэта чулі ўсе мае калегі.

Як высветлілася, перад затрыманнем яны тэлефанавалі майму начальству і даведваліся, да якой гадзіны я працую. Пры гэтым нічога не тлумачачы, падманным шляхам, са словамі "там простая фармальнасць, але вы толькі яму нічога не кажыце"... І вось, чакалі мяне на выхадзе пасля працы.

Пасля затрымання мяне павезлі ў выцвярэзнік са словамі "мы табе зараз яшчэ адзін пратакол зробім". Прывезлі ў выцвярэзнік, далі дыхнуць у трубачку - нічога не паказала. Пасля гэтага яны мяне з выцвярэзніка павезлі ў апорны пункт, які без шыльды, без нічога, у прынцыпе, як кватэра. Там у пакоі пасадзілі на жалезную лаўку са спінкай, прыкавалі да яе кайданкамі і з'ехалі. Гадзіны праз дзве-тры, ужо пад вечар, прывезлі яшчэ аднаго чалавека. Праз некаторы час прывезлі трэцяга. З мяне ў гэты час знялі кайданкі, калі я папрасіў.

Нас траіх ў апорным пункце трымалі ўсю ноч да раніцы. Спаць асабліва не давалі: адзін чалавек буяніў, таму да нас у пакой пастаянна прыходзілі, там ўжывалася фізічная сіла. Ужывалася не да ўсіх - у дачыненне да мяне былі толькі пагрозы.

Дарэчы, у гэтым пакоі, дзе нас утрымлівалі, знаходзілася спіртное ў адкрытым выглядзе - віно ў літровых пакетах. І я здагадваўся, што мяне павязуць на медыцынскую камісію, таму я яго не ўжываў. Іншыя затрыманыя ўжывалі, адпаведна, на наступны дзень, калі нас павезлі на камісію, то камісіі было нашмат прасцей устанавіць ім дыягназ. Таксама іншы затрыманы, ужо які бываў у ЛТП, распавядаў, што ў іншым аддзяленні міліцыянерынаўпрост перад камісіяй іх частавалі самі.

Камісія, на якую нас павезлі з раніцы, праходзіла фармальна. Гэта значыць, лекары проста спыталі, ці ёсць якія-небудзь скаргі на здароўе, траўмы пазваночніка або галавы. Калі я сказаў, што магчыма траўмы былі, у мяне ўдакладнілі: "менавіта такія, каб ты быў шпіталізаваны?" Калі я сказаў, што такіх не было, яны сказалі, што ўсё добра. Мне паставілі дыягназ "алкагольная залежнасць сярэдняй цяжкасці" і сказалі, што праблемы са здароўем будуць вырашаныя ў ЛТП. Пасля медкамісіі, якая адбывалася на вуліцы Тарханава, мяне зноў змясцілі ў апорны пункт, дзе пратрымалі да вечара.

Увечары мяне адвезлі ў суд. Увесь гэты час мне не давалі патэлефанаваць, не давалі нікому паведаміць, дзе я знаходжуся. Адпаведна, у судзе я быў ​​адзін. Там прысутнічаў суддзя, пракурор, прадстаўнік органа МУС і я. У мяне не было магчымасці запрасіць у суд ні адваката, ні сваякоў. Суд асудзіў мяня на 12 месяцаў лячэння ў ЛТП.

Я цяпер працую, на працы характарызуюся станоўча, ніякіх парушэнняў працоўнай дысцыпліны ў мяне няма...

Прайшоўшы ўсё гэта, я зразумеў, што супрацоўнікі міліцыі адчуваюць сваю беспакаранасць. Яны за ўвесь час ні разу не прадстаўляліся. Імёны і прозвішчы гэтых супрацоўнікаў я даведаўся толькі па фатаздымках у сацыяльных сетках. Іх імёны я чуў хіба калі яны размаўлялі паміж сабой. Ніякіх бэйджаў на іх не было, яны былі ў грамадзянскай форме. І затрыманне ажыццяўлялі ў цывільным адзенні, і мікрааўтобус, у якім мяне везлі, таксама быў звычайны, без усялякіх апазнавальных знакаў. Таму на працы ў мяне многія падумалі, што мяне схапілі нейкія бандыты. А некаторыя калегі, якія назіралі за затрыманнем, падумалі, што я здзейсніў нейкае вельмі сур'ёзнае злачынства, таму што затрымлівалі мяне як закончанага крымінальніка.

 

Хочацца адзначыць, што ні знешнасць, ні паводзіны гэтага асуджанага на год утрымання ў ЛТП не маюць якіх-небудзь прыкметаў, характэрных для людзей, якія злоўжываюць спіртным, і ўжо тым больш - якія пакутуюць на хранічны алкагалізм.

Нагадаем пры гэтым, што ў адпаведнасці з законам "Аб парадку і ўмовах накіравання грамадзянаў у лячэбна-працоўныя прафілакторыі і ўмовах знаходжання ў іх", у ЛТП для лячэння могуць накіроўвацца хранічныя алкаголікі, якія тройчы і больш разоў за год прыцягваліся да адміністратыўнай адказнасці за ўчыненне правапарушэнняў у нецвярозым стане, былі папярэджаныя ў адпаведнасці з дадзеным законам пра магчымасць накіравання ў ЛПП, але на працягу года пасля такога папярэджання зноў прыцягваліся да адміністратыўнай адказнасці за ўчыненне правапарушэння ў стане алкагольнага ап'янення.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства