Магілёў: намеснік старшыні БСДП Ігар Барысаў абвінавачваецца ў парушэнні “Закона аб СМІ”
Сёння, 23 ліпеня, сацыял-дэмакрат быў выкліканы ў РАУС Магілёўскага раёна, дзе маёр Сяргей Галянтаў склаў на яго пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні.
Ігара Барысава абвінавацілі ў парушэнні арт. 22.9 ч.2 КаАП РБ, у адпаведнасці з якім ён, не з’яўляючыся распаўсюднікам СМІ, у парушэнне арт.17 Закона “Аб СМІ” 16 ліпеня на аўтатрасе Мінск-Магілёў здзяйсняў дастаўку “улётак” “Сацыял-дэмакрат” і “НАШ Магілёў” у агульнай колькасці 11 800 асобнікаў на сваім уласным аўтамабілі, што з’яўляецца, у адпаведнасці з арт.1 Закона “Аб СМІ”, распаўсюдам прадукцыі сродкаў масавай інфармацыі.
- Маёр Галянтаў склаў на мяне пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні. Сказаў, што сёння перадае справу ў суд, які будзе прымаць рашэнне датычна таго, што рабіць з маімі “ўлёткамі”, і якое пакаранне мне будзе вынесена за парушэнне “Закона Аб СМІ”, - кажа Ігар Барысаў.
Намеснік старшыні Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамады) адзначае, што зусім не згодзен з абвінавачаннем, бо не распаўсюджваў друкаваную прадукцыю, а проста перавозіў яе.
Нагадаем, што ўначы 16 ліпеня аўтамабіль Ігара Барысава быў прыпынены ў прыгарадзе Магілёва супрацоўнікамі ДАІ. Яны паведамілі, што на аўтамабіль сацыял-дэмакрата прыйшла арыенціроўка, нібы на ім было здзейснена хуліганства ў райцэнтры Бялынічы. Інспектары паведамілі, што для разбіральніцтва неабходна праехаць у Магілёўскі РАУС. У РАУСе была дагледжана машына Барысава і канфіскаваны друкаваныя матэрыялы.
Нумар “Сацыял-дэмакрат” быў прысвечаны пытанням “Народнага рэферэндума”, а нумар “НАШага Магілёва” – інфармацыйнай кампаніі “Захаваем стары Магілёў”, якая праходзіць у горадзе.
Трэба адзначыць, што Ігару Барысаву пагражае адміністрацыйны штраф у памеры ад 3 да 7,5 мільёнаў рублёў.