viasna on patreon

Праваабаронцы хочуць нагадаць жыхарам Віцебску пра палітвязьняў

2014 2014-07-24T11:09:21+0300 2014-07-24T11:09:21+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/svecik.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Леанід Свецік

Леанід Свецік

У Віцебску пададзеная заяўка на пікет. Мэта акцыі, якая павінна адбыцца 4 жніўня, – азнаямленьне жыхароў гораду з фактам наяўнасьці ў Беларусі палітвязьняў, прызнаных беларускай грамадзкасьцю, міжнароднымі і беларускімі праваабарончымі арганізацыямі. Ініцыятарам акцыі зьяўляецца праваабаронца Леанід Сьвецік.

«Нягледзячы на тое, што нядаўна па амністыі быў вызвалены беларускі праваабаронца, кіраўнік ПЦ “Вясна” Алесь Бяляцкі, у Беларусі за кратамі усё яшчэ застаюцца сем палітычных і грамадзкіх актывістаў, якія прызнаныя вязьнямі сумленьня. Таму перад беларускімі ўладамі неабходна ставіць пытаньне пра найхутчэйшае іх вызваленьне і рэабілітацыю. Заяўлены пікет ёсьць спробай нагадаць жыхарам Віцебску пра палітвязьняў у краіне, паўплываць на думку грамадзян, паспрыяць фармаваньню ў іх актыўнай грамадзкай пазыцыі», – паведаміў Леанід Сьвецік.

У сваёй заяўцы ў адміністрацыю Чыгуначнага раёну Віцебску праваабаронца нагадвае мясцовым уладам, што права грамадзян на вольнае выказваньне меркаваньня і права на мірныя сходы – найважнейшыя палітычныя правы.

Цягам апошніх некалькіх гадоў рэалізаваць гэтыя правы ў горадзе практычна немагчыма: бар’ерам паўстае рашэньне Віцебскага гарвыканкаму №881 ад 10 ліпеня 2009 году, згодна з пунктам 3 якога арганізатары масавых мерапрыемстваў, што ладзяцца без удзелу органаў дзяржаўнай улады, абавязаныя далучаць да сваіх заявак дамовы з шэрагам устаноў і арганізацыяў на абслугоўваньне акцыяў. На думку Леаніда Сьвеціка, пікет, на які ён падаў заяўку, будзе праводзіцца з удзелам дзяржавы, бо адбудзецца ў месцы, адмыслова вызначаным гарвыканкамам. Таму, лічыць праваабаронца, у гэтым выпадку няма неабходнасьці выконваць патрабаваньні пункту 3 згаданага вышэй рашэньня.

На гэтую акалічнасьць Леанід Сьвецік асобна зьвяртае ўвагу чыноўнікаў, якія будуць прымаць рашэньне наконт яго заяўкі. Ён просіць іх забясьпечыць на мерапрыемстве грамадзкі парадак, мэдычнае і камунальнае абслугоўваньне за кошт дзяржавы, а таксама «зрабіць захады па абароне ўдзельнікаў пікетаваньня ад магчымых правакацыяў і неправамерных дзеяньняў з боку праваахоўных органаў пад час падрыхтоўкі і правядзеньня масавага мерапрыемства, а таксама пасьля яго заканчэньня».

"Віцебская вясна".

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства