viasna on patreon

Прызначана дадатковая праверка па справе аб катаваннях Пятра Кучуры

2014 2014-07-28T15:02:51+0300 2014-07-28T15:02:51+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/vulvach.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Пракурор г.Магілёва Мікалай Вульвач

Пракурор г.Магілёва Мікалай Вульвач

Пракурор горада Магілёва, разгледзеўшы скаргу жонкі асуджанага на адмову ва ўзбуджэнні крымінальнай справы супраць супрацоўнікаў ПК-15, адмяніў дадзеную пастанову Магілёўскага міжраённага аддзела Следчага камітэта.

У сваёй скарзе гарадскому пракурору Людміла Кучура аспрэчвала адмову ва ўзбуджэнні крымінальнай справы па факце неправамерных дзеянняў супрацоўнікаў адміністрацыі магілёўскай папраўчай калоніі, якія, як яна настойвае, ужывалі хлоркавую вапну як сродак катаванняў яе мужа.

Адмову ва ўзбуджэнні крымінальнай справы следчы Магілёўскага міжраённага аддзела Следчага камітэта П.Л. Скавародкін патлумачыў адсутнасцю ў дзеяннях супрацоўнікаў адміністрацыі ПК-15 складу злачынства, прадугледжанага артыкулам 426 КК РБ «Перавышэнне ўлады або службовых паўнамоцтваў». У адказ на гэта Людміла Кучура заявіла, што праверка, якая папярэднічала гэтаму рашэнню,«толькі імітавала дзейнасць замест таго, каб распачаць усе прадугледжаныя законам меры для ўсебаковага ўстанаўлення абставінаў таго, што адбылося». Таму ў скарзе пракурору яна пісала пра неабходнасць дапоўніць матэрыялы праверкі і прызначыць судова-медыцынскую экспертызу, даследаваўшы не медыцынскія дакументы, а непасрэдна пацярпелага Пятра Кучуру на наяўнасць у яго ў арганізме слядоў уздзеяння хімічнага рэчыва.

«Пракуратурай г. Магілёва матэрыял праверкі вывучаны, 22.07.2014 пастанову аб адмове ва ўзбуджэнні крымінальнай справы адменена, матэрыял накіраваны ў Магілёўскі міжраённы аддзел следчага камітэта для правядзення дадатковай праверкі», - паведамляе пракурор Мікалай Вульвач Людміле Кучура.

Нагадаем, што Людміла Кучура з дапамогай Праваабарончага цэнтра "Вясна" накіравала скаргу ў Камітэт па правах чалавека ААН, у якой паведамляецца пра верагоднасць наўмыснага прымянення персаналам калоніі хлоркавай вапны як сродку катаванняў, жорсткага, бесчалавечнага абыходжання.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства