viasna on patreon

Гомель: суд палічыў забарону антыкарупцыйнага пікета законнай

2014 2014-08-01T13:19:33+0300 2014-08-01T13:19:33+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/prysud.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Суд Цэнтральнага раёна Гомеля ў асобе суддзі Андрэя Цалуйка прызнаў законнымі дзеянні гарвыканкама, які не дазволіў партыі левых «Справядлівы свет» правесці ў горадзе пікет, і пакінуў скаргу без задавальнення. Прычым пікет левыя планавалі правесці з мэтай аказання падтрымкі дзеянняў прэзідэнта Беларусі па барацьбе з карупцыяй і злоўжываннямі сярод чыноўнікаў. «Выходзіць, гомельскі суд і чыноўнікі – супраць падтрымкі дзеянняў прэзідэнта, і не супраць карупцыі?», - задаецца пытаннем старшыня абласной арганізацыі партыі левых «Справядлівы свет» Уладзімір Сякерка.

Ён звяртае ўвагу, што якраз 31 ліпеня Аляксандр Лукашэнка выступаў у Мінску і выказваўся, што «няма неабходнасці тлумачыць, якую небяспеку нясе карупцыя. Яе нездарма лічаць адной з найбольш значных пагроз нацыянальнай бяспекі». «То бок, мы павінны былі б усім грамадствам сказаць рашучае «не» карупцыі, падтрымаць прэзідэнта – а гарвыканкам і суд супраць! Суд якраз 31 ліпеня і вынес такое рашэнне – падтрымаў забарону гарвыканкаму на пікет», - звяртае ўвагу рэгіянальны лідар левых.

Перадгісторыя была такая. 26 траўня абласны камітэт Гомельскай абласной арганізацыі Беларускай партыі левых «Справядлівы свет» падаў заявы ў гарвыканкам з просьбай дазволіць правядзенне масавых мерапрыемстваў у выглядзе пікетаў 15 чэрвеня з мэтай падтрымкі дзеянняў прэзідэнта па барацьбе са злоўжываннямі і карупцыяй сярод чыноўнікаў.

Гарвыканкам не дазволіў пікеты, традыцыйна патлумачыў, што заяўнікі не заключылі дамовы з хуткай дапамогай і камунальнымі службамі. Прычым заяўнікі звярталіся ў дадзеныя службы, але тыя адмовіліся заключыць дамовы па надуманых прычынах: «у сувязі з загружанасцю станцыі хуткай дапамогі ў летні перыяд», і «з-за вострага недахопу прыбіральшчыкаў вулічнай тэрыторыі».

«Адмовай у правядзенні пікетаў гомельскія чыноўнікі пацвердзілі сваю падтрымку карупцыі. Станавіцца ясным, чаму на працягу больш чым дваццацігадовай барацьбы прэзідэнта з карупцыяй яму не атрымоўваецца яе перамагчы», - дадаў Уладзімір Сякерка.

Па яго словах, гомельскія левыя ўжо падрыхтавалі касацыйную скаргу ў Гомельскі абласны суд на рашэнне раённага, і плануюць падаць заяўкі ў гарвыканкам на правядзенне пікетаў з мэтай падтрымкі дзеянняў прэзідэнта па барацьбе з карупцыяй у верасні 2014 года.

 

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства