Праваабаронцы: Украінскія памежнікі ўчыняюць на мяжы з Крымам «самаўпраўнасць»
Адразу некалькі праваабарончых арганізацый заявілі пра незаконныя дзеянні ўкраінскіх памежнікаў на ўездзе ў Крым.
Супрацоўнікі памежнай службы патрабуюць ад грамадзянаў Украіны прадаставіць дакументы, якія пацвярджаюць неабходнасць і мэту паездкі (даведку з месца працы, камандзіровачнае пасведчанне і іншае). Пры гэтым работнікі памежнай службы нярэдка ажыццяўляюць поўны дагляд асабістых рэчаў грамадзянаў без іх згоды і належнага афармлення.
Гэтыя дзеянні парушаюць адразу некалькі артыкулаў Канстытуцыі Украіны.
З адпаведнай заявай прадстаўнікі Рэгіянальнага цэнтра правоў чалавека, Украінскага Хельсінкскага саюза па правах чалавека, Цэнтра грамадзянскай асветы «Альменда», міжнароднай арганізацыі «Крымская палявая місія па правах чалавека», ініцыятывы «Крым SOS» і «Цэнтра інфармацыі па правах чалавека» звярнуліся да прэм'ер-міністра Украіны, старшыні Дзяржаўнай памежнай службы Украіны і ўпаўнаважанай Вярхоўнай Рады Украіны па правах чалавека.
«У грамадскія арганізацыі паступаюць шматлікія скаргі жыхароў Аўтаномнай Рэспублікі Крым, абураных дзеяннямі ўкраінскіх памежнікаў. Гаворка ідзе пра «адмысловае» стаўленне, якое праяўляюць пагранічнікі да жыхароў Крыма і горада Севастопаль пры перасячэнні адміністрацыйнай мяжы АРК», - цытуе заяву праваабаронцаў сайт Крымскай палявой місіі па правах чалавека.
Грамадзянам, якія не могуць «пераканаўча» растлумачыць мэтаў сваёй паездкі на мацерыковую частку Украіны, не могуць даць якіх-небудзь дадатковых дакументаў аб мэтах сваёй паездкі, а таксама грамадзянам, якія падаліся работнікам памежнай службы ў чымсьці падазронымі, без тлумачэння прычынаў адмаўляюць у перасячэнні адміністрацыйнай мяжы АР Крым і ўездзе на мацерыковую частку Украіны. Іх прымусова здымаюць з аўтамабільнага або чыгуначнага транспарту, прымушаючы вяртацца на тэрыторыю Крыма.
Дзеянні службовых асобаў Дзяржаўнай памежнай службы супярэчаць дзеючаму заканадаўству Украіны. А менавіта артыкулу 19 Канстытуцыі Украіны, у якім гаворыцца, што органы дзяржаўнай улады і іх службовыя асобы абавязаныя дзейнічаць у межах паўнамоцтваў. Артыкулу 33 Канстытуцыі: кожнаму, хто на законных падставах знаходзіцца на тэрыторыі Украіны, гарантуецца свабода перамяшчэння, свабодны выбар месца жыхарства, права свабодна выехаць з тэрыторыі Украіны. І ч. 1 артыкула 10 Закона Украіны «Аб забеспячэнні правоў і свабодаў грамадзянаў і прававога рэжыму на часова акупаванай тэрыторыі Украіны». У законе гаворыцца, што грамадзяне Украіны маюць права на свабодны і бесперашкодны ўезд на часова акупаваную тэрыторыю і выезд з яе праз кантрольныя пункты ўезду-выезду пры ўмове прад'яўлення дакумента, які сведчыць асобу і пацвярджае грамадзянства Украіны.
Больш за тое, дзеянні супрацоўнікаў памежнай службы Украіны супярэчаць палажэнням артыкула 2 Пратакола № 4 да Еўрапейскай Канвенцыі аб абароне правоў чалавека і асноўных свабодаў, згодна з якой кожны, хто на законных падставах знаходзіцца на тэрыторыі якой-небудзь дзяржавы, мае ў межах гэтай тэрыторыі права на свабоду перамяшчэння і свабоду выбару месца жыхарства.
«Такім чынам, абмяжоўваючы свабоду перамяшчэння грамадзянаў Украіны і перасячэнне імі адміністрацыйнай мяжы АР Крым і Херсонскай вобласці, службовыя асобы памежнай службы дзейнічаюць супрацьзаконна, паводлеўласнага меркавання, што ў цывілізаваным грамадстве называецца самаўпраўнасцю», - адзначаюць праваабаронцы.
Праваабарончыя арганізацыі патрабуюць правесці праверку фактаў незаконных дзеянняў супрацоўнікаў памежнай службы, узяць на кантроль пытанне забеспячэння бесперашкоднага перамяшчэння грамадзянаў Украіны праз адміністрацыйную мяжу Крыма і Херсонскай вобласці, а таксама ў самыя кароткія тэрміны прыняць і зацвердзіць Палажэнне ўезду на часова акупаваную тэрыторыю і выезду з яе, распрацаванае Дзяржаўнай памежнай службай Украіны.