viasna on patreon

Лідэр суполкі Свабоднага прафсаюзу скардзіцца ў пракуратуру на падробку дакументаў

2014 2014-08-06T17:15:16+0300 2014-08-06T17:15:16+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/prakurory.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Віктар Стукаў мяркуе, што нехта з адказных асоб падрабіў дату ў кнізе скаргаў, дзе ёсць запіс ад ягонага імя. Тым часам адміністрацыя ААТ «Полацк-Шкловалакно» лічыць, што ён знарок шукае зачэпак, каб абвастрыць канфлікт паміж кіраўніцтвам і прафсаюзнай арганізацыяй. Гісторыя вакол кнігі скаргаў атрымалася амаль дэтэктыўная.

Пачалося з таго, што 23 ліпеня мяне не пусцілі на прадпрыемства, хаця пра свій візіт я папярэджваў загадзя, распавядае Віктар Стукаў:

"Я запатрабаваў кнігу скаргаў, каб зрабіць адпаведны запіс, але мне яе не далі. Прычым я агучыў свой намер: маўляў, хачу паскардзіцца на парушэннезаканадаўства аб прафсаюзах. Бо мне, кіраўніку "пярвічкі", забараняюць сустракацца з рабочымі. Тым не менш, атрымаць кнігу скаргаў так і не ўдалося. Мне яе проста адмовіліся даць, хаця мусілі гэта зрабіць па першым патрабаванні. Таму я выклікаў міліцыю, каб засведчыць правапарушэнне. Міліцыянт з'явіўся, мяне апыталі, я падрабязна ўсё распавёў ды пайшоў дахаты. Праз колькі дзён атрымліваю з міліцыі паведамленне, што справу спынілі, бо факты не пацвердзіліся . Пайшоў высветляць, і тут аказалася, што адказныя за кнігу асобы заявілі, нібыта кнігу мне далі, і запіс я зрабіў бесперашкодна, і ніякага парушэння не было… Нічога не зразумеўшы, як такое можа быць, я папрасіў дазволу азнаёміцца з матэрыяламі справы. Там была і ксеракопія кнігі скаргаў. Каля апошняй скаргі, напісанай мною яшчэ ў красавіку гэтага года, кімсьці іншым была пастаўлена дата – 23 ліпеня".

Тая даўняя скарга, дарэчы, была напісана зусім з іншае нагоды – яна пра тое, што 1 красавіка Віктара Стукава адмаўляўся прыняць генеральны дырэктар прадпрыемства.

"Я дамаўляўся на сустрэчу менавіта з ім, але прымаць мяне прыйшоў намеснік, які быў не ў стане вырашыць пытанні, з якімі я звяртаўся. Таму я папрасіў кнігу скаргаў, і тым разам мне яе прынеслі адразу. Але як толькі напісаў першы сказ – што скарджуся на парушэнне закону аб зваротах грамадзян – тут жа з'явіўся генеральны дырэктар. Скарга засталася недапісанай, бо знікла сама падстава. Дату я таксама не паспеў паставіць… Цяпер на яе месцы – іншая, дапісаная не маёй рукой", - тлумачыць кіраўнік суполкі Свабоднага прафсаюзу.

З гэтай нагоды ён рыхтуе зварот у абласную пракуратуру: няхай там разбіраюцца і высвятляюць, хто падрабіў дакумент. Навошта гэта зроблена, Віктар Стукаў мае наступнае меркаванне:

"Адміністрацыі ў прынцыпе не падабаецца, што я пішу скаргі. Калі пасля інцыдэнту 23 ліпеня наш прафсаюз звярнуўся па тлумачэнні, чаму кніга скаргаў стала для мяне недасяжнай, то мне напісалі такі адказ: "У кнізе скаргаў, выдадзенай 14.04.2015 г. ёсць 10 запісаў, з іх 7 – вашы". Відавочна, кожны запіс – гэта падстава для разбіралніцтва, а гэтага кіраўніцтва відавочна не хоча. "Выклік міліцыі 23.07.2014г. ёсць не што іншае, як спроба сфабрыкаваць правапарушэнне акцыянерным таварыствам", - гаворыцца ў адказе за подпісам выканаўцы абавязкаў намесніка галоўнага дырэктара па кадрах і дэалагічнай працы". Карацей, мяне вінавацяць у паклёпе. А я бачу факт падробкі дакументаў з мэтай пазбегнуць адказнасці за правапарушэнне. Бо кожны грамадзянін мае права рабіць запісы ў кнізе скаргаў, якая мусіць выдавацца па першым жа ягоным жаданні".

Віктар Стукаў на "Шкловалакне" не працуе з 2013 года. Яго звольнілі за нібыта парушэнне рэжыму бяспекі працы. Таму ён мае вялікія праблемы з тым, каб трапіць на прадпрыемства асабіста. Так здарылася і 27 ліпеня, калі кіраўнік суполкі Свабоднага прафсаюзу Беларускага хацеў наведаць цэхі № 7 і № 12, каб спраўдзіць скаргі на тэмпературны рэжым: рабочыя вымушаны працаваць пры тэмпературы +40 градусаў і вышэй, што з'яўляецца парушэннем іх права на годныя ўмовы працы без рызыкі для жыцця і здароўя.

 

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства