Яўген Вапа: Рэальнасць і беларускасць Радыё Рацыя – перашкода для рэжыму
Праграмнаму дырэктару Беларускага Радыё Рацыя Юрку Ляшчынскаму адмовілі ў атрыманні беларускай візы. Дакументы, як і амаль год таму, ён падаваў у беларускае консульства ў Беластоку. Прычыны адмовы ў консульстве не паведамляюць. Юры Ляшчынскі складаў дакументы на атрыманне аднаразовай візы ў турыстычных мэтах.
“Прычына адмовы ў атрыманні візы можа быць толькі адна”, – каментуе сітуацыю старшыня Управы Радыё Рацыя Яўген Вапа:“Тое, што ёсць нармальнае беларускае, тое, што ёсць рэальнае беларускае, не мае права быць у краіне дыктатуры. І рэальнасць і беларускасць Радыё Рацыя ёсць асаблівай перашкодай для гэтага рэжыму. Прыгожыя словы беларускага чынавенства пра дапамогу, узаемаразуменне ёсць проста пустымі, фальшывымі, фарысейскімі словамі. Яшчэ раз хлусня, яшчэ раз прыгоннасць, яшчэ раз антыбеларускасць”.
“Людзі будуць помніць пра такія антыбеларускія дзеянні так званых „беларускіх“ прадстаўніцтваў па-за межамі Беларусі”, – гаворыць Яўген Вапа. Ён адзначае, што на гэтым фоне фальшыва выглядае і прыняццё закона “Аб беларусах замежжа”, які нібыта дэманструе клопат пра суайчыннікаў за мяжой. Сам Яўген Вапа ўжо некалькі гадоў не можа атрымаць дазволу на ўезд у Беларусь.