На актывіста Юрыя Рубцова заведзеная новая крымінальная справа
Гамельчуку, які выйшаў на «Чарнобыльскі шлях» у футболцы «Лукашэнка, сыходзь!», пагражае турэмны тэрмін.
Пра гэта рэдакцыі сайта charter97.org паведаміў Юры Рубцоў. Ён перакананы, што яго спрабуюць чарговы раз запалохаць, каб выжыць з краіны, але гэта не ўваходзіць у планы актывіста: ён хутчэй памрэ за кратамі, чым з'едзе.
- Можаце падзяліцца падрабязнасцямі новай крымінальнай справы, заведзенай супраць Вас?
- Учора я быў у следчым камітэце і мне выставілі абвінавачванне паводле артыкулу №391 «Абраза суддзі». Я азнаёміўся з дакумэнтамі і даведаўся, што супраць мяне заводзяць крымінальную справу за пагрозу суддзі.
Калі мяне затрымлівалі ў красавіку, казалі «не падабаецца тут - едзь з краіны». Мяне трымаюць пад падпіскай аб нявыездзе, яны маглі б звесці гэтыя дзве справы ў адну, але яны не сталі гэтага рабіць: мяне спачатку наважылі прыстрашыць першым, а цяпер, калі ўбачылі, што запалохаць не выпадае, яны дадалі другую крымінальную справу. Мяне імкнуцца выжыць з краіны.
- Як будзе развівацца сітуацыя? Што Вы рабіцьмеце?
- Будзе суд. Рэжыму ўлады гэты суд патрэбен для таго, каб запалохаць людзей на маім прыкладзе, таму ім будзе пляваць на ўсё супярэчнасці ў справе, гэтак жа, як ім напляваць на грамадскую думку і на сусветнае грамадства. Ім галоўнае запалохаць людзей, каб потым гэтай сусветнай грамадскасці сказаць, што ў нас людзі спакойныя і ўсім задаволеныя.
Мая задача будзе ў тым, каб высмеяць усю гэтую судовую сістэму і яе карупцыйны складнік, а таксама выканаўчую ўладу той краіны, у якой мы жывем. Выканаўчая ўлада выдатна ведае, што будуць фальсіфікацыі дакумэнтаў, і яна дазваляе ім гэта рабіць у абмен на тое, што суддзі будуць асуджаць палітычных зняволеных з дапамогай гэтай улады.
- Якое Вам пагражае пакаранне паводле новага артыкулу?
- Ведаеце, я нават не цікавіўся, бо я столькі сядзець не буду. Як толькі мяне пасадзяць, з самага першага моманту за кратамі я абвяшчаю бестэрміновую галадоўку - і ні адна скаціна не прымусіць мяне есці, аж да смерці. Вось і ўсё.
Нагадаем, Рубцоў быў затрыманы міліцыяй у Менску 26 красавіка пасля традыцыйнай акцыі апазіцыі «Чарнобыльскі шлях». На мітынгу ён быў адзеты ў футболку з надпісамі «Лукашэнка, сыходзь!» і «Арыштуйце мяне! Падстава? Я супраць Лукашэнкі».
28 красавіка суд Савецкага раёна Менска прызнаў яго вінаватым у «непадпарадкаванні законным патрабаванням службовай асобы», «дробным хуліганстве» і пакараў 25-дзённым арыштам. Футболку ў актывіста сканфіскавалі. На знак пратэсту супраць прысуду Рубцоў абвясціў галадоўку.
Увечары 21 траўня, пасля заканчэння тэрміну арышту, Рубцова з цэнтра ізаляцыі правапарушальнікаў адвезлі на чыгуначны вакзал Менска і пасадзілі на цягнік да Гомеля, аднак па прыездзе туды ён ізноў быў затрыманы. 22 траўня суд Чыгуначнага раёна Гомеля прыгаварыў яго да пяці дзён арышту нібыта за непадпарадкаванне супрацоўнікам міліцыі і нецэнзурную лаянку ў грамадскім месцы. Рубцоў зноў абвясціў галадоўку. Такім чынам, галадоўка гомельскага актывіста доўжылася 30 дзён, на працягу якіх ён страціў 39 кілаграмаў вагі.