viasna on patreon

«Вы ніколі не задумваліся, колькі 20 гадоў вашага кіравання прынеслі гора грамадзянам нашай краіны?»

2014 2014-08-22T12:24:06+0300 2014-08-27T12:41:06+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/kuchura.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Людміла Кучура. Фота: svaboda.org

Людміла Кучура. Фота: svaboda.org

Свой зварот да Аляксандра Лукашэнкі мінчанка Людміла Кучура прымеркавала да 20-годдзя яго прэзідэнцтва, нагадаўшы, што, дзякуючы яго «бацькоўскаму клопату», яе муж Пётр Кучура ўжо 10 гадоў адбывае пакаранне за злачынства, якога не здзяйсняў.
У 2004 годзе Пётр Кучура быў арыштаваны ў сувязі з забойствам дзяржінспектара камітэта па ахове жывёльнага і расліннага свету і прыцягнуты да адказнасці за гэтае забойства. «Уся яго «віна» ў тым, што апынуўся ў найбліжэйшым да месца забойства дачным пасёлку, ды да таго ж сам паляўнічы і ў доме знайшлі зарэгістраваную стрэльбу. Натуральна, яго дачыненне да забойства не даказанае. Матэрыялы справы кажуць пра адваротнае», - нагадвае жонка асуджанага.
У сваім звароце Людміла Кучура кажа, што прэзідэнту вядома пра справу яе мужа, але няма да гэтага справы - бо такіх незаконна асуджаных у Беларусі дастатковая колькасць. Называючы галоўным дасягненнем Лукашэнкі «ўзаконены тэрор беззаконня», мяркуе, што перад выбарамі 2015 года ў чарговы раз ён будзе распавядаць, як шчасліва жыве краіна пад яго чулым кіраўніцтвам ды пра свой клопат пра народ. «І я ёсць народ! І як народ я Вам заяўляю, што шчасця я так і не адчула, як і вашага клопату ... Амаль 10 гадоў я звяртаюся да Вас з просьбай аб аднаўленні справядлівасці па крымінальнай справе майго мужа, але Вам няма калі разабрацца ў гэтым. Пару разоў Вы неяк спрабавалі даручаць сваім падначаленым разабрацца, але яны не праявілі стараннасці. І гэта зразумела, бо да гэтай справы датычныя службовыя асобы вашай Адміністрацыі, а смецце з хаты не выносяць...»
Людміла Кучура таксама нагадвае, што ў верасні 2013 года паводле надуманых адміністрацыяй ПК-15 г. Магілёва парушэнняў асуджаны Кучура быў кінуты ў ШЫЗА, дзе яго катавалі хлоркай. «Я звярталася да Вас, а таксама да генеральнага пракурора, міністра МУС з просьбай спыніць катаванні, якім падвяргаўся мой муж са згоды начальніка ПК-15 г. Магілёва Сяргея Маханькова і яго каманды. Але ўсе мае скаргі і наступныя звароты пераадрасоўваліся ў ДВП МУС РБ - менавіта туды, адкуль, як я лічу, і былі ініцыяваныя здзекі над маім мужам. А тыя пад выглядам нібыта праверак пасылалі свайго ганца ў калонію, пасля чаго ўзмацняліся рэпрэсіі ...»
Пераказваючы доўгі ланцуг сваіх безвыніковых зваротаў у следчыя органы з патрабаваннем судова-медыцынскай экспертызы для ўстанаўлення факта атручвання асуджанага парамі хлоркавай вапны, Людміла Кучура называе тых, хто пакрывае кіраўніцтва магілёўскай ПК-15, якому ёсць што хаваць, - ДВП МУС РБ, УДВП МУС РБ па Магілёўскай вобласці, міністр МУС РБ, Генеральная пракуратура, пракуратура Магілёўскай вобласці, Следчы камітэт Рэспублікі Беларусь, УСК па Магілёўскай вобласці. «Спроба ўтойвання фактаў атручвання майго мужа вышэйпералічанымі органамі кажа пра тое, што ў краіне кіруе кругавая парука і тэлефоннае права, але толькі не закон», - падкрэслівае яна.
Жонка асуджанага заяўляе, што «да заяваў грамадзянаў аб здзейсненым злачынстве ў Следчым камітэце падыходзяць выбарча». «Калі я і мой муж звярталіся ў СК Рэспублікі Беларусь з заявай аб правядзенні праверкі па арт.174 КПК РБ фактаў фальсіфікацыі яго крымінальнай справы, прыкладаючы доказы, то мне і яму ў праверцы адмаўляюць, як і ў выпадку з атручваннем яго хлоркавай вапнай. Чаму?»
На фоне той вялікай колькасці крымінальных спраў у краіне, дзе «хтосьці кагосьці пакрывае», Людміла Кучура называе зусім непераканаўчым для грамадзянаў тое паказальнае «выкрыццё», якое здараецца ў краіне кожны раз напярэдадні чарговых выбараў. «Мне не зразумелы факт асуджэння намесніка генеральнага пракурора Аляксандра Архіпава або намесніка старшыні суда Кастрычніцкага раёна г. Магілёва Магамеда Умарава. Што яны зрабілі не так? Ну, «закрылі» чарговыя крымінальныя справы за ўзнагароджанне. Гэта што, навіна ў нашай краіне?! Я ніколі не паверу, што хто-небудзь з сваякоў загінулай дзяўчыны, па справе якой асуджаны А. Архіпаў, мог дамагчыся ўмяшання прэзідэнта напісаннем скаргі ў яго адрас на яго прыкормленых чыноўнікаў. Думаю, не абышлося без якіх-небудзь зацікаўленых асобаў.
А суддзя М. Умараў? Ну, браў хабар, чымсьці там на стале займаўся з супрацоўніцай або супрацоўніцамі. А што яму рабіць? Бо вольнага часу было шмат, паколькі асаблівай патрэбы не было ўнікаць ў матэрыялы справаў. Бо ўсё вырашалася за грошы. Так, між іншым, суд Кастрычніцкага раёна г. Магілёва, дзе Умараў быў намеснікам старшыні, не ўнікаючы ў сутнасць справы, з істотнымі парушэннямі з боку суддзі (паводле пастановы Прэзідыума Магілёўскага абласнога суда), накіраваў майго мужа на тры гады на турэмны рэжым, на якім ён працягвае заставацца...»

«Усё, што адбылося і адбываецца з маім мужам, паказвае, што створаная вамі сістэма за дваццаць гадоў прагніла. Суды і пракуратура, міліцыя, а цяпер яшчэ і Следчы камітэт, з'яўляюцца рассаднікамі зла. Вы ніколі, мабыць, не задумваліся: колькі гэтыя дваццаць гадоў вашага кіравання прынеслі бяды і гора грамадзянам нашай краіны. Колькіх нашых мужоў і сыноў вашыя суддзі і пракуроры адправілі ў турмы па сфальсіфікаваных справах? Колькі з іх не вярнулася назад дадому, бо скончылі жыццё самагубствам (або іх забілі?), не вытрымаўшы катаванняў вашых турэмшчыкаў або ад набытых хваробаў?» - пытаецца Людміла Кучура ў Лукашэнкі. І прапануе прэзідэнту падлічыць, колькі мільёнаў - колькасць тых, хто прайшоў праз турмы, цяперашніх асуджаных, памножаная на колькасць іх сваякоў, блізкіх сяброў, суседзяў, калегаў, плюс проста людзі, якія ўжо не вераць яго сістэме - аддадуць свой ​​голас у 2015 годзе не за тую «стабільнасць», пра якую ён увесь час паўтарае. «Паказальная лупцоўка вашых прыкормленых перад выбарамі для нас, грамадзянаў, нічога не значыць. Ад гэтага паважаць і верыць Вам больш ўсё роўна не стануць. Бо гэта Вы іх прызначалі».
Ці здольны прэзідэнт Лукашэнка зразумець боль незаконна асуджаных, іх блізкіх, і пачаць выкараняць несправядлівасць?
Людміла Кучура лічыць, што наўрад ці яна атрымае адказы на пастаўленыя ў сваім звароце да прэзідэнта пытанні. Гэты зварот яна накіравала 5 жніўня, копіі таксама былі адрасаваныя памочніку прэзідэнта па нацыянальнай бяспецы і начальніку Аператыўна-аналітычнага цэнтра. Адказ прыйшоў толькі з ААЦ ды і той не тычыцца сутнасці звароту. «Яны пішуць, што мой зварот тычыўся абскарджання судовага рашэння па справе майго мужа і супрацьпраўных дзеянняў супрацоўнікаў органаў унутраных спраў і суда ... І далей паведамляецца, што зварот пакінуты без разгляду, бо ААЦ не ўпаўнаважаны праводзіць следчыя дзеянні і прымаць рашэнні аб абгрунтаванасці судовых рашэнняў , - кажа Людміла Кучура. - Але ж, па-першае, я не прасіла выносіць пратэст, а, па-другое, ААЦ надзелены вялікімі паўнамоцтвамі, можа расследаваць справы і такіх прыкладаў дастаткова. Але што да справы майго мужа, то тут яны заўсёды нічога не могуць. І гэта яшчэ раз даказвае, што за гэтай справай стаяць высокія службовыя асобы нашай краіны».
Адміністрацыя прэзідэнта, як яна лічыць, як звычайна прамаўчыць у адказ на яе зварот. Застаецца дачакацца адказаў ад Генеральнай пракуратуры і Следчага камітэта - туды жонка асуджанага накіравала звароты 20 жніўня, але прызнаецца, што не разлічвае даведацца ў адказ што-небудзь па сутнасці.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства