Вольга Завадзкая. Два допыты i 6 гадзін у засьценках ФСБ
Падчас допытаў сьледчыя ФСБ дапытвалі Вольгу Завадзкую пра Ўкраіну і рэлігійныя сэкты. Супрацоўнікі ФСБ ўдавалі, што нічога не ведаюць пра зьніклых апанэнтаў Лукашэнкі і зьніклага журналіста Зьмітра Завадзкага.
23 жніўня падчас паездкі ў Катынь на мяжы Беларусі з Расеяй была затрыманая Вольга Завадзкая, маці зьніклага ў 2000 годзе апэратара ОРТ Зьмітра Завадзкага.
Толькі позна ўвечары жанчыну вызвалілі і адпусьцілі ў Беларусь. Вольга Завадзкая распавяла карэспандэнту Свабоды пра абставіны свайго затрыманьня, знаходжаньне ў турме ФСБ, а таксама пра допыты, якія праводзілі супрацоўнікі ФСБ.
«Ужо 3 гады запар я ежджу ў такія вандроўкі ў Катынь разам з актывістамі. Гэта заўсёды цікава, да таго ж мы адзін аднаго добра ведаем і ёсьць магчымасьць пагаварыць з аднадумцамі. Само затрыманьне быццам не мела палітычных прычын, але падставы праявіць да нас пільнасьць ўсё ж былі палітычныя. Мяркуйце самі. Як звычайна праходзім расейскую мяжу? Зойдуць у аўтобус, пералічаць па галовах, зробяць адзнаку кіроўцу і да пабачэньня. Гэтым разам я паехала без пашпарта, толькі з копіяй, бо здала пашпарт на візу. На ўсялякі выпадак ўзяла пэнсійнае пасьведчаньне. Разьлічвала, што ўсё роўна не правяраюць. І гэтым разам непасрэдна на мяжы ўсё было як звычайна: пералічылі і прапусьцілі. Мы ўжо ад’ехалі ад мяжы, як раптам даганяюць, спыняюць і пачынаюць пільную праверку. Прычым было чуваць, як да гэтых супрацоўнікаў, што за намі выправіліся, ідуць званкі, ў іх нейкія напружаныя размовы, яны такія ўстрывожаныя. Карацей, яўна атрымалі наводку на нас. Вось тады і высьветлілі, што ў мяне ды ў аднаго хлопца, аказваецца, няма пашпартоў. А актывіста Яўгена Батуру прымусілі зьняць майку з надпісам „Стоп-Пуцін“. Ашчэ Алеся Макаева выводзілі на праверку. Усяго нас трымалі больш за 2 гадзіны і толькі потым аўтобус прапусьцілі, і тое, з суправаджэньнем. А мяне з хлопцам высадзілі з аўтобуса і павезьлі ў Рудню, гэта горад ад мяжы яшчэ кілямэтраў 80. У той Рудні ў іх памежная управа ФСБ. Вось там з намі і разьбіраліся».
Карэспандэнт: «Вам тлумачылі, дзеля чаго вас затрымалі?»
«Так. Казалі, для высьвятленьня асобаў. Прывезьлі нас туды недзе каля 5-й гадзіны, а калі выпусьцілі, па іх часе было 11. Спачатку разьмясьцілі па розных камэрах. Камэра гэтай турмы — гэта такое памяшканьне плошчай прыкладна 10 квадратных мэтраў, два двух’ярусныя ложкі, табурэты, стол, тумбачкі. Усё прыкручанае да падлогі. Сьцены як ў грамадзкай прыбіральні пафарбаваныя масьлянай фарбай пэўнага колеру, праўда, без своесаблівых надпісаў. На ложках матрацы без бялізны. Але карыстацца гэтым не давялося, бо неўзабаве павялі на допыт. Усяго было 2 допыты, відаць, такі ў іх мэтад, каб параўноўваць. Допыты праводзілі розныя супрацоўнікі. Пыталіся, чаго ехала, зь кім, пра стаўленьне да пэўных падзей пыталіся, ў тым ліку пра Ўкраіну: як я мяркую, хто вінаваты ў канфлікце. Шмат было пытаньняў, ў тым ліку пра вядомых асоб».
Карэспандэнт: «Ці ведалі яны вашу гісторыю, пра тое, што ў вас зьнік сын Дзьмітрый?»
«Ня ведалі, ці рабілі выгляд, што ня ведаюць, але даволі шчыра. Таксама нічога ня ведалі пра Захаранку, Ганчара і Красоўскага. Давялося ўсё ім распавесьці. Пра расейскія падзеі я ім шмат давала камэнтаў, дык яны сказалі, што, відаць, шмат гляджу тэлевізар. На гэта адказала, што гляджу розныя каналы, каб параўноўваць і ня толькі з тэлевізара чэрпаю інфармацыю. Яшчэ пыталіся, ці ня сябра рэлігійнай сэкты ды заўважалі, што ўсе сэкты да іх прыйшлі з Амэрыкі. Часам ад іх гучалі цікавыя камэнтары, вельмі паказальныя. Нібыта маладыя яшчэ людзі, але ...»
Карэспандэнт: «Ці давалі вам паесьці? Як ўвогуле абыходзіліся?»
«Сказала б, што карэктна. Есьці не давалі, толькі прапанавалі гарбаты і дазволілі паесьці свае бутэрброды, якія я брала ў дарогу. Хацелі ўжо пакінуць у той камэры на ноч, але я патрабавала, каб адпусьцілі як мага хутчэй. Добра, што наш аўтобус адмыслова нас чакаў на мяжы. Дарэчы, гэтым разам іх увесь час суправаджалі па тэрыторыі Расеі, ў тым ліку і з Катыні. У выніку нас з хлопцам правезьлі з Рудні на мяжу недзе каля 11.30 па іх часе і адпусьцілі. Вярнуліся мы на нашым аўтобусе разам з усімі».
У канцы размовы Вольга Завадзкая паведаміла, што справа аб зьнікненьні яе сына дагэтуль расьсьледуецца, але, як яна мяркуе, рэальна па ёй нічога ня робіцца.
«Праз год будзе 15 год як зьнік Дзіма і тады сьледчыя змогуць закрыць справу з прычыны даўніны часу. А пакуль фармальна мусяць яго нібыта шукаць», — сказала Вольга Завадзкая.