У Беларусі ствараецца камісія па ацэнцы інфармацыйнай прадукцыі на прадмет экстрэмізму
“...У мэтах недапушчэння распаўсюджвання на тэрыторыі Беларусі інфармацыйных матэрыялаў экстрэмісцкага характару, для абароны грамадскіх інтарэсаў ад дэструктыўных праяў у інфармацыйнай прасторы”.
Пастановай Савета Міністраў №180 ад 21 жніўня 2014 года ў Беларусі ствараецца Рэспубліканская экспертная камісія па ацэнцы інфармацыйнай прадукцыі на прадмет наяўнасці (адсутнасці) у ёй прыкмет праяў экстрэмізму, – паведамляе БелТА са спасылкай на ўрадавую прэс-службу.
“Пастанова прадугледжвае і стварэнне сістэмы экспертных камісій у кожнай з абласцей Беларусі. Рэспубліканская экспертная камісія, створаная пры Міністэрстве інфармацыі, будзе таксама выконваць функцыі экспертнай камісіі па горадзе Мінску”, – гаворыцца ў паведамленні.
“У камісію ўвойдуць аўтарытэтныя эксперты ў сферы філасофіі, псіхалогіі, філалогіі, сацыялогіі, а таксама прадстаўнікі органаў дзяржаўнага кіравання, якія ажыццяўляюць процідзеянне экстрэмізму, што дасць магчымасць усебакова і кампетэнтна разглядаць матэрыялы на прадмет наяўнасці ў іх прыкмет экстрэмізму.
Рэспубліканская камісія будзе праводзіць экспертызу інфармацыйнай прадукцыі на тэрыторыі Мінска. Таксама ў яе кампетэнцыі – узгадненне палажэнняў аб абласных камісіях і іх складзе, распрацоўка рэкамендацый для абласных камісій. Акрамя таго, яна будзе разглядаць скаргі на экспертныя заключэнні абласных камісій, вывучаць і распаўсюджваць айчынны і замежны вопыт прадухілення прапаганды экстрэмісцкай дзейнасці ў інфармпрадукцыі.
Камісія будзе мець права запытваць і атрымліваць неабходныя дакументы, матэрыялы і інфармацыю, якія маюць значэнне для правядзення экспертыз. Таксама яна зможа запрашаць і заслухоўваць на сваiх пасяджэннях прадстаўнікоў дзяржорганаў, арганізацый, грамадскіх аб'яднанняў і індывідуальных прадпрымальнікаў. Пры неабходнасці для экспертыз будуць прыцягвацца розныя спецыялісты, грамадскія дзеячы, якія не ўваходзяць у камісію”, – гаворыцца ў паведамленні.
Праведзенне экспертызы могуць ініцыяваць дзяржаўныя органы, арганізацыі, грамадскія аб'яднанні і індывідуальныя прадпрымальнікі. Таксама яна можа праводзіцца на падставе пастановаў дзяржорганаў або службовых асоб, “якія маюць такое права”.
Экспертнае заключэнне экспертнай камісіі можна будзе абскардзіць у судовым парадку, а абласной камісіі – у рэспубліканскай або ў судзе.
Паводле Мінінфармацыі, пастанову Савет Міністра прымаў “у развіццё закона Беларусі "Аб процідзеянні экстрэмізму"”. "Дакумент прыняты ў мэтах недапушчэння распаўсюджвання на тэрыторыі Беларусі інфармацыйных матэрыялаў экстрэмісцкага характару, для абароны грамадскіх інтарэсаў ад дэструктыўных праяў у інфармацыйнай прасторы", - падкрэслілі ў Мінінфарме.