viasna on patreon

Харкаўскі дзёньнік Насты Лойка. Частка І

2014 2014-08-25T13:32:04+0300 2014-08-27T14:39:05+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/kharkiv.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Маладая беларуская праваабаронца ў Харкаве валантэрыла ў пункце дапамогі вымушаным перасяленцам. Наста Лойка занатавала ўражаньні ад гэтай працы ды некаторыя назіраньні за жыцьцём гораду, што знаходзіцца ў дзьвюх гадзінах язды ад самых гарачых кропак у зоне АТА.

 

 

Частка І

Харкаў,
13 жніўня 2014, 12:25

Пакуль чакаю Віку – мясцовую калегу-праваабаронцу, паспрабую саскрабсьці свае дарожныя ўражаньні й кавалкі першай зь ёй вакзальна-кухоннай размовы.

 

Жлобін. Сядае ўкраінская сям’я. Маленькага хлопчыка пужаюць “застацца ў Белоруссіі”, самі вяртаюцца ў Данецкую вобласьць. У хлопчыка майткі з надпісам “СССР”, з сабой - ні ляляек, ні расфарбовак. Дзіцёнку цяжка, балуецца, маці крычыць матам і б’е - трошкі хныкае. Вельмі самастойны для свайго ўзросту… У суседнім адсеку малады чалавек “блешчыць ведамі” перад спадарожнікамі па чачэнскім пытаньні, майстэрстве забойстваў, а таксама матэматычнымі і хімічнымі законамі…

У Гомелі хочацца ўсім званіць-пісаць – стрымліваюся. Гляджу на герб СССР пад вакзальным дахам. Праз 100 км на гэтым жа месцы будзе ўкраінскі герб…

На мяжы ходзяць мытнікі ў блякітных кашулях і мілыя памежніцы ў зялёнай форме. Грукаюць абцасамі й ветліва вітаюцца-разьвітваюцца. “9 вагонаў, 183 чалавекі, у 6-ым вагоне узьбекістан адзін” – грыміць па рацыі. Бляндыністая памежніца ашчадна правярае дакуманты: “прыём, першы, у дзіцёнка з Данецкай вобласьці толькі пасьведчаньне аб нараджэньні, што рабіць?”. “Запішы й прапусьці”, – хуткі адказ.

 

На ўкраінскай мяжы малюнак трошкі іншы. Адразу па вагоне праходзяць інтэлегентнага віду мытнікі ў кашулях, а за імі па чарзе абсалютна ваенізаваныя хлапцы з абрэзамі. Адзін нясе ў руках фотаапарат, іншы нясьпешна азіраецца. Драўляныя ўстаўкі ў аўтамаце - менавіта так уяўляла зброю 2-ой сусьветнай. У іх на паясах пярцовыя балоны і нешта яшчэ (шкадую, што па сваім антымілітарысцкім складзе адразу ж забываю назвы ваенных прыладаў), нета шырокае ў льняным кажуху. Выглядаюць як партызаны. Для афіцыёзу не стае аўчаркі… Тут рацыі не гучаць, а памежнікі прыходзяць усе ў хакі: проста на майкі нашытыя шэўроны. Толькі хлапцы. Кіраўніцтва ў кашулях вальяжна гуляе пад вокнамі, жартуюць і трасуць жыватамі.

Мытнікі правяраюць выбарачна рэчы. Жартуюць са знойдзенай бутэлькі самагона ў мужчыны. Адну беларускую жанчыну памежнікі прымусілі запаўняць міграцыйку. Я - адзіная беларуска на адсек, ніхто не запытвае – ні куды, ні навошта. А я б адказала, ага…

Жанчына пачынае распытваць памежніка пра тое, ці можна выехаць зь дзіцёнкам без пашпарту. Памежнік кажа “гледзячы для якіх мэтаў: калі скажаце, што ў госьці – ня выпусьцяць, а калі бежанец – хутчэй за ўсё. Няма ўстаноўкі дакладнай”. Як ён сыходзіць, бежанцы-зваротнікі пачынаюць распавядаць жахі, як іх упусьцілі, а сям’ю з трохмесячным дзіцёнкам высадзілі проста ў полі з пасьведчаньнем аб нараджэньні – а ў іх сяле пашпартны стол згарэў… у жанчыны дзіцёнак 12 гадовы ў Арцёмску, а з мужам у разводзе, здабыць дазвол на выезд немагчыма…

 

З размовы зь Вікай па прыезьдзе становіцца шмат што зразумела: раней ужо чытала артыкул пра тое, што Данбас – самы сельскі і адсталы па мэнтальнасьці рэгіён. Большасьць насельніцтва далёка ад дома ніколі не выязджала, а тут шмат хто вымушаны, пры гэтым шмат хто ня хоча ўнікаць у палітычныя нюансы, а проста прыязджае ў Харкаў з заявачкамі “вы нам вінныя ўсё, бо нас бамбілі”. Шмат хто хоча ехаць у Расею ці Беларусь, думаючы, што там іх будуць добра прымаць, а тут заб’юць нафіг (каторы месяц там трансьлююць толькі расейскія TV). Шмат хто і сьціпла-ўдзячны за ўсё. Хаця для ўнутраных перасяленцаў у Цэнтральнай і Заходняй Украіне створаныя неблагія ўмовы. Але шмат хто хоча заставацца ў Харкаве, бо далей куды ехаць. Вельмі хочуць тут жыць-працаваць, хаця задавальняючай працы для іх тут асабліва няма, ды й у ўрбаністычнай прасторы яны арыентуюцца цяжка…

 

Станцыя “Харкаў” – гэта грамадзкая ініцыятыва, якая з пачатку чэрвеня пачала дапамагаць перасяленцам. Зьбіраюць і разьмяркоўваць гуманітарку, дапамагаюць зь квіткамі і інфармацыяй, упіскамі да ад’езду, лекамі для хворых, псыхалягічнай дапамогай… Толькі за тыдзень з 4 па 10 жніўня праз вакзальны пункт прайшло каля тысячы людзей. Дакладных лічбаў па бежанцах ніхто ня ведае. Шмат хто вяртаецца ўжо… Віка цьвяроза кажа, што гэта – чыстая дабрачыннасьць, што паспрабуюць хоць неяк актывізаваць чыноўнікаў, якія на кантакт ідуць, але ўсё роўна мала што робяць. На больш канцэптуальныя штукі сілаў не хапае… Мяне хоча падгрузіць адмінкай – абзвонам людзей, таму заўтра буду знаёміцца з профільным каардынатарам Евай…

 

Кепская падрыхтоўка Нацгвардыі: падрыхтаванага войска на момант пачатку канфлікту было толькі тысячаў шэсьць. Амуніцыі няма, ім зараз на ўсё ськідваюцца, нават бронетэхніку рамантуюць валантэры. Вось уж хто насамрэч больш падобны на “апалчэнцаў”: ваююць зараз пераважна дабраахвотнікі + былыя беркутаўцы, хто дзе засьвяціўся у кепскім сьвятле падчас Майдану… альбо каго трэба было схаваць ад расьсьледаваньня майданаўскіх падзеяў (пракуратура так і застрала з расьсьледаваньнем праз тое, што вайсковыя кіраўнікі, хто быў у курсе, зараз у зоне АТА). Фармаваньні Азова самі па сабе стромныя, бо там набраныя фашызоідныя актывісты, якія не забываюць пакатаваць каго і беспадстаўна затрымаць пад прыкрыцьцём АТА… І Нацгвардыя не заўжды выконвае міжнародныя гуманітарныя нормы. Хаця ДНР і ЛНР усё роўна круцей. У іх мільёны якаснай зброі, пры адыходзе яны цалкам замінавалі ўсе сацаб’екты, палі, пустыя кватэры ў Славянску і Краматорску – сапёры там проста закапваюцца ў разьмінаваньні… А ў палон яны бяруць ня толькі актывістаў, а даўно ўжо ўсіх, за каго магчымы выкуп. Катуюць бязбожна. “Хуткія дапамогі” абстрэльваюць з прынцыпу.

 

Вярхоўная Рада байкатуе і не галасуе амаль, праз што яна непрацоўная, вырашыць нічога немагчыма. Там застаюцца тыя, хто адкрыта фінансуе ДНР і ЛНР…

 

*Ацэнкі, выкладзеныя ў тэксьце, адлюстроўваюць выключна меркаваньне аўтара

Так выглядае бэйджык валантэра ініцыятывы Станцыя "Харкаў"

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства