СПЧ РФ просіць украінскага амбудсмэна дапамагчы ў вызваленні дэсантнікаў
Кіраўнік прэзідэнцкага Савета па правах чалавека Міхаіл Фядотаў папрасіў украінскага амбудсмэна Валерыю Луткоўскую дапамагчы ў вызваленні затрыманых пад Данецкам расійскіх вайскоўцаў, паведамляе руская служба Радыё Свабода.
Вайскоўцы паветрана-дэсантных войскаў Узброеных сіл Расіі былі затрыманыя 24 жніўня. Іх абвінавацілі ў незаконным перасячэнні мяжы і валоданні зброяй. 27 жіўня на прэс-канферэнцыі ў Кіеве затрыманыя расійскія дэсантнікі заявілі, што не мелі намераў перасякаць расійска-ўкраінскую мяжу. Раней на допытах яны казалі, што не ведалі, куды едуць, і зразумелі, што знаходзяцца на Украіне, толькі калі ўбачылі танк з украінскім сцягам.
У Мінабароны Расіі сітуацыю з затрыманнем расійскіх ваенных патлумачылі выпадковасцю. Па словах прадстаўнікоў ведамства, вайскоўцы, якія патрулявалі мяжу, перасеклі яе ненаўмысна.
Сваякі затрыманых дэсантнікаў стварылі штаб, які пачаў весці перамовы з расійскімі і ўкраінскімі ўладамі аб вызваленні вайскоўцаў, паведамляе РБК. У аўторак на сустрэчы з сем'ямі кастрамскіх дэсантнікаў камандаванне 98-й дывізіі ПДВ пацвердзіла інфармацыю аб стратах сярод асабістага складу пасля "выпадковага" сутыкнення з украінскай арміяй, перадае агенцтва.
Усё новыя звароты паступаюць да праваабаронцаў ад бацькоў салдат, чые сыны перасталі выходзіць на сувязь. Яны асцерагаюцца, што іх дзяцей перакінулі ў Растоўскую вобласць для адпраўкі ва Украіну. Як паведаміў РБК член прэзідэнцкага Савета па правах чалавека Сяргей Крывенка, ёсць заявы з Краснадарскага краю, Дагестана, Астрахані і Пецярбургу. Праваабаронцы пачалі складаць спісы меркавана загінулых і зніклых без вестак.