Пра беларускіх вязняў сумлення ведаюць нават у Афрыцы
Кіраўнік “Вясны” Алесь Бяляцкі атрымаў ліст ад юрыстаў з Кейптаўна - заканадаўчай сталіцы Паўднёва-Афрыканскай Рэспублікі, якія вітаюць праваабаронцу на волі і працягваюць заклікаць да вызвалення ўсіх вязняў сумлення ў Беларусі.
Пра гэта Алесю Бяляцкаму напісаў кіраўнік юрыдычнай кампаніі Darrolls Attorneys Роланд Дарал.
“Я так рады атрымаць вестку аб вашым вызваленні! Віншуем вас з вызваленнем! Я па-ранейшаму працягваю заклікаць да вызвалення ўсіх вязняў сумлення ў Беларусі!” – напісаў сп. Дарал па-беларуску.
Нагадаем, нядаўні вязень сумлення Алесь Бяляцкі, кіраўнік ПЦ “Вясна” і віцэ-прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі за правы чалавека, быў вызвалены 21 чэрвеня 2014 г. пасля амаль трох гадоў зняволення па палітычна матываваных абвінавачваннях. На сёння ў Беларусі за кратамі застаюцца сямёра палітычных вязняў - Мікалай Статкевіч, Эдуард Лобаў, Мікалай Дзядок, Ігар Аліневіч, Яўген Васьковіч, Арцём Пракапенка і Васіль Парфянкоў. Мікалая Статкевіча і Эдуарда Лобава праваабарончая арганізацыя Amnesty International прызнала вязнямі сумлення.