Сяргей Ткачэнка: Не правесці парламенцкія выбары ў Данецкай вобласці - значна горш, чым іх правесці
Данецкая абласная арганізацыя Усеўкраінскага грамадскага аб'яднання "Камітэт выбаршчыкаў Украіны" ў пачатку чэрвеня, пасля правядзення назірання за прэзідэнцкімі выбарамі, была вымушаная ў поўным складзе выехаць за межы вобласці праз рэальную пагрозу асабістай бяспецы супрацоўнікаў. Але, нягледзячы на гэтую акалічнасць і вельмі неспрыяльную сітуацыю ў сваім рэгіёне, цяпер арганізацыя прыступіла да маніторынгу кампаніі па пазачарговых выбарах у Вярхоўную Раду, якія прызначаныя на 26 кастрычніка.
Як распавёў сайту Праваабарончага цэнтру "Вясна" кіраўнік Данецкага аддзялення Камітэта выбаршчыкаў Украіны Сяргей Ткачэнка, усе структуры арганізацыі, якія засталіся на вызваленых ўкраінскай арміяй альбо незанятых сепаратыстамі тэрыторыях, цяпер далучаныя да маніторынгу выбарчага працэсу і ўжо ідзе падрыхтоўка першай справаздачы назіральнікаў. З улікам усіх рызык, праваабаронца падкрэслівае важнасць правядзення ў Данецкай вобласці - па сутнасці ва ўмовах вайны - пазачарговых парламенцкіх выбараў.
"Зразумела, што гэта першае пытанне, якое задаюць усе: як можна праводзіць выбары па сутнасці ва ўмовах вайны і наколькі гэта важна. На жаль, у гэтай сітуацыі няма простых выйсце, і ёй не магчыма даць простыя ацэнкі: выбары на дадзены момант - гэта добра ці гэта дрэнна. Дыскутаваць з нагоды правядзення выбараў на тэрыторыі Данецкай вобласці можна было да пачатку выбарчай кампаніі. Калі выбарчая кампанія пачалася, можна дакладна сказаць: не правесці выбары ў Данецкай вобласці будзе горш, чым іх правесці", - лічыць Сяргей Ткачэнка.
Аргументуючы свой пункт гледжання, эксперт акцэнтуе ўвагу на некалькіх аспектах. На яго думку, гэтыя выбары будуць спрыяць рэсацыялізацыі насельніцтва канфліктнага рэгіёну. "Людзі, якія цяпер знаходзяцца на тэрыторыі Данецкай вобласці, павінны адчуць сваю ментальную прывязку да ўсёй Украіны, да тых працэсаў, якія зараз адбываюцца ў краіне. І выбары - гэта па сутнасці таксама метад рэсацыялізацыі людзей, вяртання іх у ўкраінскую прастору. Таму што, калі паглядзець на працэсы, якія адбываліся апошнія паўгады, то, на жаль, можна сказаць аб тым, што на рэферэндуме ДНР галасуюць часцей, чым на ўкраінскіх выбарах. Бо падчас прэзідэнцкай кампаніі з больш чым трох мільёнаў выбаршчыкаў Данецкай вобласці прагаласавала недзе крыху больш за сто тысяч. Гэта значыць, большая частка людзей проста страціла гэты шанец. І калі яшчэ і ў гэтых выбарах людзі не змогуць прымаць удзел, то апошняе, што ў іх будзе заставацца ў памяці, - гэта рэферэндум ДНР. Што, мякка кажучы, дрэнна".
Таксама важнае значэнне маючым адбыцца выбарам Сяргей Ткачэнка адводзіць у працэсе перазапуску мясцовых элітаў. "Складана сказаць, наколькі дасягальны вынік, але мы гаворым пра перазапуску мясцовых элітаў і людзей, якія будуць прадстаўляць рэгіён у маштабах усёй Украіны. Зразумела, што зараз не магчыма правесці выбары на тэрыторыі ўсёй Данецкай вобласці. Але, па меншай меры, гэта будзе імпульсам да абрання дэпутатаў ад тых акругаў Данецкай вобласці, якія будуць прадстаўляць рэгіён на ўсеўкраінскім узроўні. Таму што калі на дадзены момант гэтага не адбудзецца, не будзе зроблены хоць першы крок, то зноў у ворагаў украінскай дзяржавы будзе магчымасць казаць аб тым, што ўсход Украіны не мае голасу ў Вярхоўнай Радзе, рэгіён ніхто не прадстаўляе і г.д. Гэта, безумоўна, будзе выкарыстоўвацца ў прапагандысцкай кампаніі, скіраванай супраць самой Украіны. Таму, яшчэ раз паўтаруся, паўнавартасную выбарчую кампанію правесці наўрад ці магчыма, але неабходна правесці кампанію максімальна набліжаную да гэтага, каб атрымаць мінімальны вынік. І гэта будзе магчыма. А калі сітуацыя стабілізуецца, можна будзе правесці выбары у мажарытарных акругах, дзе выбарчы працэс зараз будзе сарваны".
Да ўсяго, эксперт адзначае, што на дадзены момант застаецца незразумелай сітуацыя з так званымі прыгранічнымі акругамі, у якіх вельмі значная рызыка бяспекі для арганізатараў выбарчага працэсу. "Невядома, што рабіць у тых акругах, якія з'яўляюцца прыгранічнымі, то бок напалову занятыя тэрарыстамі, напалову - украінскімі войскамі. І на дадзены момант у нас няма адказу на пытанне, ці будуць там праходзіць выбары, ці дасць Цэнтральная выбарчая камісія нейкія распараджэнні з нагоды правядзення выбараў непасрэдна на такіх тэрыторыях. Таму што рызыка для людзей, якія будуць прымаць удзел у арганізацыі выбарчага працэсу ў гэтых акругах, велізарная. Ніхто не дасць гарантый, што лінія фронту не перасунецца і ўсе, хто быў удзельнікам выбарчага працэсу пазачарговых парламенцкіх выбараў, не будуць прылічаныя да ворагаў ДНР. Мякка кажучы, гэта няправільна - падвяргаць людзей такой рызыцы. Таму тут адказаў няма".
Але правядзенне выбараў у тых акругах Данецкай вобласці, якія на дадзены момант вяртаюцца да мірнага жыцця - Краматорск, Славянск, Дабраполле, Чырвонаармейскі раён, цалкам магчымае, заключае кіраўнік абласной арганізацыі Камітэта выбаршчыкаў Украіны.