У Магілёве больш за 20 грамадзян просяць браму Свята-Мікольскага манастыра вярнуць у першапачатковы выгляд
Адпаведны зварот яны накіравалі ў Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, а таксама Магілёўскі гарадскі выканаўчы камітэт.
Грамадзяне абураныя тым, што на ўяздной браме ХVІІ стагоддзя Свята-Мікольскага манастыра вырасла “цыбуліна”. На іх думку, яе з’яўленне не было ні з кім узгоднена, і толькі сапсавала непаўторнасць адзінага застаўшагася ў Магілёве помніка дойлідства ў стыле Магілёўскага барокка.
Падпісанты адзначаюць, што менавіта з рэстаўрацыі ўяздной брамы ХVІІ стагоддзя пачалося архітэктурнае адраджэнне Магілёва ў пачатку 90-х гадоў мінулага стагоддзя. Калі браму адраджалі пад кіраўніцтвам археолага і гісторыка Алега Трусава, ніякай “цыбуліны” тады там не было.
Грамадзяне адзначаюць, што тыя, хто ўсталяваў падобны царкоўны атрыбут, праявілі недальнабачнасць, бо комплекс манастыра мае шанцы ў будучыні быць далучыным да сусветнай архітэктурна-культурнай спадчыны ЮНЭСКА, аднак калі мясцовыя чыноўнікі будуць глядзець заплюшчыўшы вочы на падобныя свавольствы, то гэты статус манастыр ніколі не займее.