Салігорск: На пікет за спрыяльнае навакольнае асяроддзе дазволу не далі
Салігорскі выканкам не даў дазволу на правядзенне на Цэнтральнай плошчы горада пікету па зборы подпісаў за спрыяльнае навакольнае асяроддзе.
Арганізатарам мерапрыемства выступаў мясцовы маладафронтавец Іван Шыла. Па яго словах, чыноўнікі не ўпадабалі абранае для правядзення пікету месца.
- Мы ўлічылі ўсе абмежаванні айчыннага заканадаўства, кшталту адлегласці ў 50 метраў ад будынкаў органаў дзяржаўнага кіравання. Аднак выявілася існаванне выканкамаўскага рашэння дзесяцігадовай даўніны, паводле якога на Цэнтральнай плошчы гораду пікетаваць нельга. Нібыта дзеля “папярэджання надзвычайных задрэнняў”. Цікава, што падчас апошніх выбараў надзвычайных задрэнняў салігорскія чыноўнікі не баяліся і пікеты ў цэнтры Салігорску дазвалялі, - кажа Іван Шыла.
Абскарджваць адмову ў правядзенні пікету актывіст не плануе. Зрэшты, адмаўляцца ад сваіх патрабаванняў да уладаў па рэальным забеспячэнні права на спрыяльнае навакольнае асяроддзе Іван Шыла таксама не збіраецца. Далейшыя крокі ў гэтым кірунку маладзён будзе прымаць пасля абмеркавання пытання са сваімі паплечнікамі.