Новы метад: суддзя вызначае «экстрэмізм» па загалоўках канфіскаванай літаратуры
Актывіст анархісцкага руху Раман Халілаў, які 8 верасня выйшаў на свабоду пасля 10-суткавага арышту, распавёў Праваабарончаму цэнтру «Вясна», якім чынам суддзя вызначаў «экстрэмісцкі» змест канфіскаваных у яго кніг, буклетаў і газет.
Калі 29 жніўня Раман Халілаў па позве прыйшоў у аддзяленне міліцыі Савецкага раёна, там ужо была гатовая адміністратыўная справа супраць яго па артыкуле 17.11 КаАП РБ «Выраб, распаўсюд і (або) захоўванне экстрэмісцкіх матэрыялаў». Пры гэтым, ніякай экспертызы не праводзілася. «Калі адвакат задала супрацоўніку міліцыі, які вёў справу, пытанне аб тым, ці была прызначаная якая экспертыза, той адказаў, што гэта вырашыць суд», - кажа актывіст. З яго словаў, пратакол аб затрыманні таксама быў цалкам гатовы: «Калі я прыйшоў, пратакол на мяне ўжо быў запоўнены, была ўпісаная дата затрымання - 29-га, і, па-мойму, нават подпіс мой не патрэбны быў. Мне яго проста паказалі. І, відаць, толькі дзякуючы настойлівасці адваката мяне не затрымалі да суду».
Адміністратыўны працэс па справе Халілава адбыўся ў той жа дзень у судзе Савецкага раёна. Разгледзеўшы справу, суддзя Арцём Бяскішскі пастанавіў, што матэрыялы, якія захоўваліся ў актывіста, з'яўляюцца экстрэмісцкімі. «Пры тым з усіх канфіскаваных у мяне матэрыялаў да справы была прыкладзеная адна ўлётка, а што тычыцца астатніх, назвы якіх былі проста ўпісаныя ў пратакол, то сярод іх ёсць нават літаратура, якая наогул не мае палітычнага характару - кнігі гістарычнай тэматыкі і таму падобнае. У працэсе былі зачытаныя іх назвы, і суддзя пастанавіў, што ўсе 92 матэрыялыналежаць да экстрэмісцкіх. Я іх захоўваў з мэтай распаўсюду, як яны сцвярджаюць, за што атрымаў 10 сутак», - распавядае Раман Халілаў.
«Мастацтва вайны» Сунь-цзы [кніга прызнана адным з лепшых філасофскіх трактатаў старажытнасці пра мастацтва стратэгіі, між іншым - рэд.], «Сацыяльны анархізм супраць анархізму ладу жыцця», брашура «АЭС: уся праўда пра бяспеку. Антыатамны супраціў», часопіс«Аўтаном», улёткі«Як зладзіць забастоўку», брашура«Мэта анархізму ў стратэгічным плане», газета«Наша праўда», кніга«Чарнобыльскія ўрокі»- вось некалькі з унесеных у пратакол назваў, па якіх вылічаў экстрэмізм суддзя Бяскішскі. Таксама ў пратаколе быў запіс «улётка на нямецкай мове».
Ужо пасля адбыцця арышту, калі Раман Халілаў зноў быў дастаўлены ў Савецкі РАУС, участковы жартам паведаміў яму, што ён можа ганарыцца сабой, бо суддзя сказаў, што яго выпадак - першы ў краіне. На думку праваабаронцаў, паспяшаўся Арцём Бяскішскі са сваім з'едлівым пакліканнем да пачуцця гонару, ды і самому маладому суддзі ганарыцца абсалютна няма чым. «Вызначэнне паняцця«экстрэмізм»- доўгае і сумнае, але суддзі варта было б яго адужаць», - заключае Павел Сапелка пасля азнаямлення з пастановай суддзі Бяскішскага. «Выносячы пастанову па адміністратыўнай справе ў дачыненні да Халілава, суддзя, відавочна, не ведаў пра існаванне закона"Аб супрацьдзеянні экстрэмізму". У гэтым законе, па-першае, дадзена вызначэнне экстрэмізму, экстрэмісцкай дзейнасці і, адпаведна, экстрэмісцкіх матэрыялаў. Па-другое, у гэтым жа законе ўказана, у якім парадку друкаваная прадукцыя прызнаецца экстрэмісцкай», - кажа юрыст.
На ўсялякі выпадак падкажам, што дадзенае вызначэнне змяшчаецца ў артыкуле 1 Закона Рэспублікі Беларусь "Аб супрацьдзеянні экстрэмізму". Таксама суддзі неабходна азнаёміцца з артыкулам 14 названага закона, з якога ён зможа даведацца нешта новае для сябе. Цытуем: «інфармацыйная прадукцыя прызнаецца экстрэмісцкімі матэрыяламі па рашэнні суда на падставе заявы дзяржаўнага органа, які ажыццяўляе супрацьдзеянне экстрэмізму, па месцы знаходжання арганізацыі, яе якая вырабiла і (або) распаўсюджвае (распаўсюдзіла), або па месцы жыхарства грамадзяніна, яе які вырабіў і (або) распаўсюджвае (распаўсюдзіў), або па месцы яе выяўлення. Рашэнне суда аб прызнанні інфармацыйнай прадукцыі экстрэмісцкімі матэрыяламі,якое ўступіла ў законную сілу, з'яўляецца падставай для яе знішчэння». І правапарушэнне можа мець месца толькі пры наяўнасціўступіўшагаў сілу рашэння суда, якім інфармацыйная прадукцыя прызнаная экстрэмісцкай.
«Не ведаючы гэтага, суддзя прыняў рашэнне з уласнага бачання гэтага пытання. Яму падалося, што экстрэмізмам з'яўляюцца дзеянні, “накіраваныя на дэстабілізацыю грамадскага парадку і дзейнасці арганізацыі”. Такога вызначэння ў законе няма, як і няма вызначэння “гвалтоўныя наступальныядзеянні”, якія суддзя угледзеў у друкаванай прадукцыі. І мне вельмі цікава, што экстрэмісцкага суддзя знайшоў у налепцы на нямецкай мове і ці змог ён наогул перакласці гэтую налепку», - адзначае Павел Сапелка.
Магчыма, малады суддзя вырашыў на «папулярнай» цяпер тэме экстрэмізму зарабіць кар'ерны бонус. Аднак дасведчаны юрыст лічыць, што наўрад ці Арцёму Бяскішскаму варта з дапамогай справы Халілава намагацца замацаваць за сабою славу першапраходцы ў прымяненні артыкула 17.11 КаАП Рэспублікі Беларусь. «Такое, вядома, недапушчальна. Па-першае, тут відавочныя парушэнні нацыянальнага заканадаўства, а, па-другое, варта было б падумаць аб тым, што суддзя, пачытаўшы назвы кніг і брашур, прачытаўшы адну ўлётку, па сутнасці на працягу 20 хвілінаў, якія доўжыўся працэс, ажыццявіў цэнзуру ўсіх гэтых выданняў. Ці патрэбна суддзі такая слава? Я думаю, што не», - кажа Павел Сапелка.
Раман Халілаў з дапамогай праваабаронцаў будзе абскарджваць пастанову Арцёма Бяскішскага ў касацыйнай інстанцыі, паколькі лічыць, што суддзя беспадстаўна адхіліў яго сцвярджэнне аб тым, што ён не збіраўся распаўсюджваць выданні, якія захоўваліся ў яго. Таксама актывіст не згодны з неабгрунтавана абраным для яго максімальна жорсткім відам пакарання ў выглядзе арышту, што разглядае як сведчанне перадузятага да сябе стаўлення. Пытанне выклікае і той факт, што, указаўшы ў пастанове на канфіскацыю прадмета адміністратыўнага правапарушэння, суддзя не пералічыў пэўныя выданні, якія падлягаюць канфіскацыі.
На думку Паўла Сапелкі, Мінскі гарадскі суд унясе карэктывы ў вынікі разгляду адміністратыўнай справы Рамана Халілава.