Магілёўцы просяць гарвыканкам праінфармаваць, як рамантуюцца гісторыка-культурныя каштоўнасці
Адпаведны зварот на адрас гарадской улады падпісалі 24 грамадзяніны. Нагодай для звароту паслужыў прыняты магілёўскімі чыноўнікамі план на 2014 год, у адпаведнасці з якім у горадзе павінна быць адрамантавана 5 аб’ектаў, якія ўяўляюць сабой гісторыка-культурную каштоўнасць.
У дадзеным выпадку гутарка ідзе пра дом №17 па завулку Камісарыяцкаму, дамы №15 і №17 па вуліцы Першамайскай, дом №33 па вуліцы Піянерскай і дом №10 па завулку Пажарнаму.
Грамадзяне адзначаюць, што прайшло ўжо больш за паўгады, аднак рамонтныя працы на некаторых аб’ектах так і не пачаліся. Людзі не выключаюць, што план чыноўнікаў можа насіць выключна дэкларатыўны характар, і рамонт на вызначаных 5 аб’ектах не будзе скончаны ў тэрмін.
Трэба адзначыць, што ініцыявала калектыўны зварот газета “НАШ Магілёў”, якая на дадзены момант праводзіць інфармацыйную кампанію “Захаваем стары Магілёў”.