Аляксандр Ярашук: У працоўных Беларусі толькі адно права - прыгоннае
З 14 па 16 верасня ў Беларусі знаходзіцца Генеральны сакратар Міжнароднай канфедэрацыі прафсаюзаў (МКП) Шаран Бароў. Сёння яна мае намер сустрэцца з актывам незалежных прафсаюзаў, каб з першых рук атрымаць інфармацыю пра існуючыя ў Беларусі праблемы з захавання правоў працоўных і прафсаюзаў, а таксама з прадстаўнікамі ўраду. Гэтая тэма добра вядомая старшыні Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандру Ярашуку, які адказвае на пытанні нашага журналіста.
– Спадар Аляксандр, што чакаюць незалежныя прафсаюзы і Вы, як кіраўнік БКДП, ад візіту ў нашую краіну ўплывовага прафсаюзнага лідэра?
– Не сакрэт, што Шаран Бароў наведала Беларусь, сыходзячы з нашых папярэдніх дамоўленасцяў, паколькі наша арганізацыя, Беларускі кангрэс дэмакратычных прафсаюзаў, з’яўляецца чальцам самай уплывовай і глабальнай арганізацыі прафсаюзаў у свеце – Міжнароднай канфедэрацыі прафсаюзаў. А яшчэ таму, што Беларусь– гэта асаблівае месца на прафсаюзнай мапе свету, вядомае сістэматычнымі і масавымі парушэннямі правоў прафсаюзаў. Менавіта з неабходнасці падтрымкі сябраў незалежных прафсаюзаў і арганізацыі ў цэлым, з мэтай спыніць іх пераслед, і парушэнні правоў прафсаюзаў Шаран Бароў і знаходзіцца зараз у Беларусі. У праграме яе візіту адбудзецца панэльная дыскусія па праблемах сацыяльнага дыялогу, выканання правоў працоўных і прафсаюзаў у Беларусі. Дыскусія пройдзе 15 верасня з удзелам шматлікіх сяброў незалежных прафсаюзаў. На гэтую сустрэчу таксама запрошаныя прадстаўнікі ўрада Беларусі, арганізацый наймальнікаў, шэрагу амбасадаў, сродкаў масавай інфармацыі.
Вось чаму візіт Шаран Бароў выключна важны для нас, для працоўных Беларусі і наогул для краіны. Таму мы адправілі адмысловыя лісты кіраўніку адміністрацыі прэзідэнта Андрэю Кабякову, віцэ-прэм’еру, які курыруе сацыяльны блок, Анатолю Тозіку і міністру замежных спраў Беларусі Уладзіміру Макею з прапановай аб асабістай сустрэчы са спадарыняй Бароў у той час, які яны палічаць для сябе мэтазгодным. Гэта той выпадак, калі згода на сустрэчу, альбо нязгода, дадуць адказ на пэўнае пытанне: нязгода будзе яшчэ адным сведчаннем стаўлення уладаў Беларусі да выключна важнай і агромістай праблемы з правамі працоўных і правамі прафсаюзаў у нашай краіне, прызнанай яшчэ і як трывожны сегмент парушэнняў правоў чалавека наогул.
–Але давайце больш падрабязна спынімся на парушэннях правоў працоўных. Якія тут, на вашу думку, галоўныя праблемы?
–Прывяду ўсяго толькі два красамоўныя прыклады. Найперш, гэта сістэма кароткатэрміновых кантрактаў, якая ў свеце сёння называецца не інакш, як сучасным прыгонным правам і скандальна вядомая прымусовая праца, якая была ўведзена ў дрэваапрацоўчай галіне. Гэтыя дзве акалічнасці, заснаваныя на прававых актах, дэкрэце № 29 ад 1999 года і дэкрэце №9 ад 2011 года, зрабілі працоўных Беларусі фактычна бяспраўнымі, давялі іх да становішча рабоў. Мы ведаем масу прыкладаў, калі цалкам многія прадпрыемствы пераведзеныя на кароткатэрміновыя кантракты. Атрымаўся беспрэцэндэнтны выпадак, калі ўся краіна зяўляецца месцам, дзе людзі маюць часовыя ўмовы працы. У той час, калі ўвесь цывілізаваны свет, Міжнародная арганізацыя працы, змагаюцца за тое, каб працоўныя мелі пастаянны характар працы, усю Беларусь перавялі на часовыя ўмовы працы. і гэта не мае аніякага дачынення да эканомікі. Гэта яcкравы палітычны захад з мэтай трымаць працоўных на кароткім ланцужку, зрабіць іх лаяльнымі і пакорлівымі, каб не пярэчылі ні ў чым, і нічога не патрабавалі: ні годных заробкаў, ні годных умоў працы.
–А хто прымушае пераходзіць на кароткатэрміновыя кантракты, гэта ж, спадзяюся, не адзіная ў Беларусі форма найму працоўных?
–Гэта якраз даволі цікава. Я вось нядаўна даваў інтэрвію тэлеканалу “БелСаТ,у перадачы “Маю права”, там мне паказалі каментары аднаго былога суддзі Канстытуцыйнага суда і вучонай з Акадэміі кіравання. Хацелася б проста пасмяяцца з гэтых каментароў, але гэта той выпадак, калі смяяцца зусім ня хочацца, паколькі яны намагаюцца неяк абгрунтаваць гэтыю нялюдскую сістэму. Што важна, той жа Дэкрэт Прэзідэнта №29, які ўвёў сістэму кароткатэрміновых кантрактаў, быў падпісаны ў 1999 годзе, а ў 2000 годзе быў прыняты Працоўны кодэкс, цалкам прыстойны дакумент, па якому больш-менш працоўныя адносіны афармляюцца дэмакратычна. У Працоўным кодэксе чорным па беламу напісана, што ня могуць пераводзіцца на кароткатэрміновыя кантракты людзі з пастаянным характарам працы: токар, слесар, настаўнік і іншыя. Але яны пераведзеныя і гэтым самым дэкрэт №29 уступіў у супрацьстаянне з Працоўным кодэксам. Ён таксама супярэчыць і шэрагу канвенцый МАП, якія ратыфікавала Рэспубліка Беларусь.
Ведаеце, на пачатку 90-х гадоў, і ў гэта зараз цяжка паверыць, Беларусь, якая толькі атрымала незалежнасць, была ўзорам і прыкладам уМІіжнароднай арганізацыі працы ў накірунку фарміравання ўсіх заканадаўчых нормаў у дачыненні да сферы працоўных адносінаў, што было далёка не характэрна для многіх краін, якія тады знаходзіліся ў гэтак званым транзітным перыядзе.
З 1994 года, неадразу, паступова і няўхільна, сітуацыя пагаршалася і пагаршалася, пакуль не дайшла да прыняцця такіх адыёзных дакументаў.
–А ці працуе рэальна гэты “дрэваапрацоўчы дэкрэт”?
–Вось прадстаўнікі дзяржаўных прафсаюзаў часта кажуць, маўляў, назавіце хоць адзін выпадак, каб нехта пацярпеў… Дык адно тое, што прыняты такі дэкрэт, у які нават у Расіі ня могуць паверыць, гаворыць пра тое, што там людзі увогуле ніякіх правоў не маюць. Яны нават і не спрабуюць у такой сітуацыі звольніцца з працы. Быў выпадак, калі на Фандоку адзін чалавек паспрабаваў звольніцца, цэлая гісторыя з гэтага выйшла.
Гэта што тычыцца правоў працоўных. А яшчэ маем велізарныя праблемы з правамі прафсаюзаў. З гэтай прычыны Беларусь увесь час, апошнія 10-15 год, трапляе ў гэтак званы кароткі спіс краін, дзе найбольш злосна і цынічна парушаюцца правы прафсаюзаў. 7 разоў наша краіна ўносілася ў Спецпараграф МАП, адзін раз прызначалася камісія па расследванню падобных парушэнняў. Прызначэнне камісіі, яе праца і затым і маніторынг з боку Еўрапейскага Саюза, разам з патрабаваннямі Міжнароднай канфедэрацыі прафсаюзаў прывялі да скасавання ў 2007 годзе гандлёвых прэферэнцый Еўрасаюза. Краіна губляе з гэтай нагоды сотні мільёнаў еўра, якія абсалютна нялішнія ў нашай не вельмі эфектыўнай эканоміцы.
На вялікі жаль, усё гэта адлюстроўвае своесаблівае ўяўленне сённяшняй беларускай улады аб тым, што тычыцца правоў працоўных і правоў прафсаюзаў і што краіна ўсе гэтыя гады знаходзіцца пад кіраўніцтвам аўтарытарнага рэжыму, які становіцца ўсё больш жорсткім у дачыненні да працоўных і прафесійных саюзаў.
Вось чаму ў нас выпрацаваная адмысловая стратэгія па ўздзеянню на сітуацыю, якая і ўключае візіт у Беларусь Шаран Бароў. Мы будзем і надалей акрамя уласныхвысілкаўі барацьбы за свае правы, выкарыстоўваць напоўніцу сур’ёзны рэсурс міжнароднай салідарнай падтрымкі.
***
Міжнародная канфедэрацыя прафсаюзаў (МКП) з'яўляецца самым буйным, аўтарытэтным і ўплывовым прафсаюзным аб'яднаннем у свеце, які аб'ядноўвае 325 членскіх арганізацый у 161 краінах свету і налічвае ў сваіх шэрагах больш за 176 млн. сяброў. Сяброўскай арганізацыяй МКП з 2003 года з'яўляецца і Беларускі кангрэс дэмакратычных прафсаюзаў.