У Брэсце ўзгадалі пра зніклых (фота)
У цэнтры горада, каля агароджы Свята-Мікалаеўскай праваслаўнай царквы, былі ўсталяваны велізарныя партрэты выкрадзеных Віктара Ганчара і Анатоля Красоўскага, лёс якіх застаецца невядомым.
Побач з партрэтамі таксама з’явіўся стэнд, на якім распавядалася пра гісторыю гвалтоўных выкраданняў у Беларусі. “Фізічнае знішчэнне палітычных апанентаў спынілася пасля рэзка адмоўнай рэакцыі як у краіне, так і ў свеце, - заявілі арганізатары акцыі. - Ніхто не паверыў у выпадковасць таго, што адбываецца: смерць Карпенкі, выкраданне Захаранкі, Ганчара з Красоўскім людзі звязвалі і звязваюць непасрэдна з Лукашэнкам. Тысячы людзей выходзілі з партрэтамі зніклых. Гэта спыніла забойства.
Прайшло 15 гадоў. Тыя ж самыя ўлады, якія арганізавалі забойства, зараз хочуць закрыць крымінальныя справы аб знікненнях “з прычыны заканчэння тэрміну даўніны”. Каб забылася ... Але мы памятаем, і не дамо забыць ім”.