У Магілёве прайшла сустрэча з Алесем Бяляцкім
19 верасня ў Магілёве прайшла сустрэча са старшынём Праваабарончага цэнтру "Вясна" Алесем Бяляцкім.
Гэта першы візіт былога палітвязня ў Магілёў пасля яго вызвалення з бабруйскай калоніі ў чэрвені гэтага году. Некалькі дзясяткаў магілёўцаў, што прыйшлі на сустрэчу з Алесем Бяляцкім, віталі былога палітвязня воплескамі.
Падчас сустрэчы праваабаронца прэзентаваў сваю кнігу "Іртутнае срэбра жыцьця", якая складаецца з эсэ, напісаных ім у зняволенні. У эсе, якія Алесь Бяляцкі дасылаў лістамі з бабруйскай калоніі, ён апісвае дзейнасць праваабаронцаў да і пасля беларускіх падзеяў 2010 году, апавядае пра ўдзел міжнародных праваабарончых місіях. Укладальніца кнігі Алена Лапцёнак, якая таксама ўдзельнічала ў сустрэчы, распавяла прысутным пра гісторыю яе стварэння, а сам аўтар - пра асаблівасці творчай дзейнасці ў турэмных варунках.
Падчас сустрэчы былі абмеркаваныя падзеі падчас і пасля апошніх прэзідэнцкіх выбараў, сучасны стан з правамі чалавека ў Беларусі, праблема палітвязняў. Алесь Бяляцкі і Алена Лапцёнак адказалі на шматлікія пытанні прысутных, а пры канцы сустрэчы аўтар кнігі падпісаў яе ўсім жадаючым - магілёўцы, што прыйшлі на сустрэчу, атрымалі "Іртутнае срэбра жыцьця" ў падарунак.
Падчас зняволення Алеся Бяляцкага выйшлі дзве ягоныя кнігі - "Іртутнае срэбра жыцьця" і літаратуразнаўчы зборнік "Асьвечаныя Беларушчынай". Рыхтуецца да друку ягоны публіцыстычны зборнік «Халоднае крыло Радзімы». Алесь Бяляцкі - аўтар яшчэ двух кніг: літаратуразнаўчай манаграфіі «Літаратура і нацыя» і кнігі нарысаў і эсэ «Прабежкі па беразе Жэнэўскага возера», што выйшлі ў 1991-м і 2006-м гг.